Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/02/16/943070_559874/
Дата раздрукоўкі: 07.12.2019 23:17
16.02.2018 13:02 Эканоміка, Грамадства

Эксперты адзначаюць рэкордную для студзеня актыўнасць пакупнікоў на другасным рынку жылля ў Мінску

Мінск, 16 лютага. Эксперты адзначаюць рэкордную для студзеня актыўнасць пакупнікоў на другасным рынку нерухомасці Мінска.

"Апошнія два гады сталічны рынак жылля стабільна ставіў рэкорды — па мінімальных цэнах, аб'ёме прапановы, максімальнай колькасці здзелак. Мінулы студзень даў зразумець, што 2018 год па частцы рэкордаў таксама можа здзівіць", — адзначаецца ў аналітычным матэрыяле агенцтва нерухомасці "Твая сталіца".

Эксперты нагадалі, што прагнозы развіцця другаснага рынку жылля Мінска на 2018 год былі стрыманымі. У прыватнасці, група кампаній "Твая сталіца" прадугледжвала ўмераны рост актыўнасці пакупнікоў. Аднак у студзені па Мінску было зарэгістравана 990 здзелак куплі-продажу кватэр, што практычна ў два разы перавышае паказчык студзеня 2017 года і на 80% — паказчык студзеня 2016 года. Эксперты прагназуюць, што 2018 год можа стаць годам яшчэ некалькіх рэкордаў па актыўнасці і росце цэн.

Згодна са звесткамі "Тваёй сталіцы", найбольшым попытам у студзені карысталіся адно- і двухпакаёвыя кватэры: іх доля ў агульнай колькасці здзелак прыкладна роўная — 38 і 36% адпаведна. У той час як кватэры з чатырма і больш пакоямі выбралі толькі 4% пакупнікоў. Сярод аднапакаёвых кватэр найбольшай папулярнасцю карысталіся кватэры, размешчаныя ў каркасна-блочных дамах, што маладзейшыя за 2000 год пабудовы. Сярод прададзеных у студзені двухпакаёвых кватэр пераважалі "хрушчоўкі-брэжнеўкі". Сярод трохпакаёвых кватэр пераважалі кватэры ў стандартных панэльных дамах 1977—1999 гадоў пабудовы.

Як адзначылі эксперты, самы распаўсюджаны тып здзелак на сталічным рынку — з кватэрамі стандартных спажывецкіх якасцяў (65-70% усіх заключаных здзелак). На другім месцы — гатовыя да пражывання кватэры (25-30%). Асобным класам можна вылучыць элітнае жыллё. Да адметных асаблівасцяў элітных кватэр варта аднесці іх размяшчэнне ў цэнтры горада, у прэстыжных забудовах альбо ў складзе асобных клубных жылых дамоў. Сучасныя прэстыжныя комплексы маюць абгароджаную тэрыторыю і відэаназіранне, а таксама паркінг ці ахоўныя парковачныя месцы з разліку не менш за адно машына-месца на кватэру. Такія кватэры маюць вельмі якасны, часта дызайнерскі рамонт. На долю элітнага жылля прыпадае ад 1 да 3% заключаных здзелак.

Паводле звестак агенцтва, цэны здзелак з кватэрамі стандартных якасцяў у студзені 2017 года склалі: для аднапакаёвых кватэр — 43 тыс. долараў (гатовых да пражывання — 51 тыс.), двухпакаёвых — 54 тыс. (71 тыс.), трохпакаёвых — 71 тыс. (87 тыс.). Рост цаны прапановы за студзень склаў не больш за 5%. У той час як цэны фактычна праведзеных здзелак засталіся без істотных змен.
Марына Носава, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН