Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/02/16/943168_12345/
Дата раздрукоўкі: 03.06.2020 15:42
16.02.2018 11:19 Грамадства

КДБ: Дырэктар мінскага Палаца спорту Сяргей Прановіч затрыманы паводле падазрэння ў атрыманні хабару

Мінск, 16 лютага. Дырэктар мінскага Палаца спорту Сяргей Прановіч падазраецца ў шэрагу карупцыйных злачынстваў, у тым ліку атрыманні хабараў, паведаміў Камітэт дзяржаўнай бяспекі.

Памеры хабараў вар'іраваліся ад 100 да 1,2 тысячы долараў — у залежнасці ад чаканай рэнтабельнасці выставы ці гандлёвай кропкі.

"Грошы паступалі практычна кожны працоўны дзень — да 20 дакладна ўстаноўленых фактаў за месяц", — паведамілі прадстаўнікі КДБ газеце "СБ. Беларусь сегодня".

Адзначаецца, што Прановіч "браў хабар усім, чым заўгодна: ад дрыля і шрубавётра да мікрахвалевай печы, ад квітка на канцэрт да бутэлькі алкаголю. Дарэчы, пры вобшуку ў яго было канфіскавана алкагольных напояў на суму каля 5 тысяч долараў".

Сяргей Прановіч быў затрыманы 5 лютага з доказамі злачынства ў сваім службовым кабінеце нібыта пры атрыманні хабару за даванне плошчаў палаца пад чарговую выставу.

Таксама высветлілася, што Прановіч "ахвяраваў дзяржаўнымі інтарэсамі дзеля асабістага прыбытку — ён наўмысна зніжаў усталяваны кошт арэнднай плошчы, каб у арандатара засталіся грошы для задавальнення асабістых інтарэсаў дырэктара".

Паведамляецца таксама, што дырэктар паставіў на паток і практыку адкатаў, калі прыкладна 10% ад кошту выкананых на замову палаца работ або паставак ішло ў яго кішэню.

За грошы ад камерцыйных структур ён набыў загарадны катэдж і пазадарожнік.

Справа перададзеная ў Следчы камітэт, якому трэба будзе дэталёва аднавіць усю карціну злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі і хабарніцтва.

Нагадаем, 15 лютага Аляксандр Лукашэнка звольніў з пасады міністра спорту і турызму Аляксандра Шамко за непрыняцце мер у сферы барацьбы з карупцыяй у ведамстве. Пры гэтым звольнены міністр адкамандзіраваны прэзідэнтам у Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, дзе ён раней працаваў на пасадзе намесніка міністра.
Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239