Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/02/16/943175_12345/
Дата раздрукоўкі: 28.09.2020 05:36
16.02.2018 12:04 Эканоміка, Грамадства

Лукашэнка патрабуе павялічыць зарплату настаўнікам

Мінск, 16 лютага. Заработная плата педагогаў у бліжэйшыя гады павінна быць павялічана ўдвая. Такое патрабаванне Аляксандр Лукашэнка выказаў сёння ў час рабочай паездкі ў Слуцкі раён.
"Адносна настаўнікаў будзем разбірацца вельмі сур'ёзным чынам. Трэба за будучую пяцігодку і астатні час заработную плату настаўнікам падвойваць. Гэта не папулізм. Настаўнік у нас сёння застаўся галоўным звяном на вёсцы, у малых гарадах, раённых цэнтрах. І нават у Мінску, абласных цэнтрах наша апора — настаўнік", — цытуе Лукашэнку прэс-служба прэзідэнта.

Паводле яго слоў, неабходна таксама дамагчыся таго, каб "новаспечаныя педагогі, атрымаўшы адукацыю, не сыходзілі са школы". "Я ведаю, што тэндэнцыя ўжо зваротная пайшла. Ведаю некаторых асабіста, якія сышлі на добрую зарплату, а сёння гатовы вярнуцца назад у школу на больш нізкую. Чаму? Таму што адпачынкі прыстойныя, свабода пэўная — у школе адпрацаваў (лічы, да 15-16 гадзін асноўная нагрузка) і вольны, не прывязаны да стала, як бухгалтар, эканаміст. Але зарплата настаўніка нізкай быць не павінна", — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Лукашэнка таксама адзначыў нізкія заробкі работнікаў дзіцячых садкоў і малодшага медперсаналу, хоць, паводле яго слоў, "праца ў іх каласальная". "І ў культуры, сацыяльным забеспячэнні... Паціху іх трэба падцягваць вышэй, і за кошт іх у бягучым годзе мы павінны перасягнуць адну тысячу рублёў заработнай платы. Вядома, зарплата будзе расці і ў высокааплатнага, і ў сярэдняга звяна, але мой кантроль — за гэтым пластом насельніцтва, які атрымлівае нізкую зарплату", — заявіў кіраўнік дзяржавы.

"Таму за квартал мы выходзім на адну тысячу і крыху больш і далей патрошку ў залежнасці ад росту эканомікі пачынаем дадаваць заработную плату. Дзесьці зэканоміць трэба, дзесьці менш спаліць, але людзям трэба даць зарплату. Гэта і стымуляванне ўнутранага попыту, дарма ігнаруем яго", — лічыць Лукашэнка.

"Мяне радуе, што попыт з боку насельніцтва ў нас расце, але хацелася б хутчэй. Таму людзям трэба плаціць нармальны заробак, але грошы трэба зарабіць — тут пытанняў няма", — дадаў ён.

Паводле апошніх звестак Белстата, сярэдняя зарплата ў сферы адукацыі ў снежні 2017 года склала 664,5 рубля (рэальная зарплата за год вырасла на 17,1%), у сферы аховы здароўя — 798,1 (+17,7%), культуры — 663,6 (+17,6%), сацыяльнага забеспячэння — 553,3 рубля (+21,5%).
Марына Носава, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239