Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/02/16/943190_943196/
Дата раздрукоўкі: 07.12.2019 23:13
16.02.2018 13:38 Грамадства, Эканоміка

Лукашэнка пра адстаўку двух міністраў: Карупцыі ў Беларусі быць не можа

Мінск, 16 лютага. Размаўляючы сёння з работнікамі Слуцкага цукроварафінаднага камбіната, Аляксандр Лукашэнка растлумачыў сваё рашэнне аб адстаўцы міністраў спорту і лясной гаспадаркі.
Пра звальненне кіраўніка Мінлясгаса Міхаіла Амельяновіча і міністра спорту і турызму Аляксандра Шамко стала вядома 15 лютага. Чыноўнікі былі звольненыя "за непрыняцце дзейсных мер па барацьбе з карупцыяй і эканамічнымі правапарушэннямі ў падведамасных арганізацыях", паведаміла прэс-служба прэзідэнта.

"Я не каментую свае рашэнні, але магу растлумачыць іх. Вы мае выбаршчыкі, і я абавязаны перад вамі вытлумачвацца. Думаю, для вас няма нічога новага ад Лукашэнкі: з першых прэзідэнцкіх выбараў я выразна народу сказаў, што карупцыі ў Беларусі быць не можа", — цытуе кіраўніка дзяржавы прэс-служба прэзідэнта.

Паводле яго слоў, летась ён папярэдзіў усіх міністраў: калі на іх прадпрыемствах выявяць карупцыю, ім давядзецца "пакінуць свой партфель". "Нядаўна такія злачынствы былі выяўленыя ў Палацы спорту. Яго кіраўнік браў хабар ад ахвотных арандаваць плошчы для продажу тавараў. Дайшло да таго, што прыйшлі манашкі свечкі прадаць, ён да іх зачапіўся", — сказаў Лукашэнка.

Пасля гэтага інцыдэнту за кіраўніком пачалі назіраць. У выніку былі зафіксаваныя шматлікія выпадкі хабарніцтва. "Я не веру, што міністр (Шамко. — БелаПАН.) пра гэта не ведаў", — падкрэсліў Лукашэнка.

У лясной гаспадарцы, дадаў ён, таксама была выяўленая карупцыйная схема: добрую драўніну дакументальна выдавалі за некандыцыю і незаконна адпраўлялі на экспарт. "Працавалі цэлы год па ўсёй краіне. Які гэта міністр (гаворка пра Амельяновіча. — БелаПАН.)? Што, я цярпець павінен такога міністра? На яго ўжо, шчыра кажучы, сорамна было з боку глядзець. Паўстае пытанне: ты працаваў ці там быў павязаны з імі", — сказаў Лукашэнка.

"Ад мяне літасці не чакайце, ніхто. Не таму, што я крыважэрны, а таму, што карупцыя губіць усё", — заявіў ён.

16 лютага газета Адміністрацыі прэзідэнта "Советская Белоруссия" са спасылкай на КДБ паведаміла падрабязнасці затрымання дырэктара сталічнага Палаца спорту Сяргея Прановіча і карупцыйнай схемы ў сістэме Мінлясгаса.

Паводле інфармацыі КДБ, Прановіч падазраецца ў шэрагу карупцыйных злачынстваў, у тым ліку ў атрыманні хабару, памер якога вар`яваўся ад 100 да 1,2 тысячы долараў. Прановіч быў затрыманы 5 лютага з доказамі злачынства ў сваім службовым кабінеце пры атрыманні хабару за даванне плошчаў палаца пад чарговую выставу, паведамілі ў КДБ. Яго крымінальная справа перададзеная ў Следчы камітэт.

КДБ таксама паведаміў аб затрыманні 12 супрацоўнікаў сістэмы Мінлясгаса з Мінскай, Магілёўскай, Брэсцкай, Віцебскай абласцей і двух бізнесменаў, звязаных з імі карупцыйнымі схемамі.

Паводле звестак КДБ, выкрытая "цэлая злачынная схема экспарту піламатэрыялаў, арганізаваная камерсантамі і службовымі асобамі". "Апошнія адыгрывалі немалаважную ролю ў поспеху махінацый — яны наўмысна прыніжалі гатунак піламатэрыялаў пры іх продажы лясгасамі. У выніку бізнесмены пад выглядам амаль непрыдатнай сыравіны закуплялі прадукцыю вышэйшага гатунку канкрэтных аб`ёмаў і памераў. Закупкі ішлі, у ліку іншых механізмаў, і праз удзел у "дамоўных" таргах на ААТ "Беларуская ўніверсальная таварная біржа", — адзначаецца ў матэрыяле "Советской Белоруссии".
Марына Носава, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН