Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/02/16/943194_889654/
Дата раздрукоўкі: 14.07.2020 05:53
16.02.2018 14:01 Эканоміка

Урад вызначыў ключавы паказчык эфектыўнасці працы кіраўнікоў замежных устаноў па экспарце тавараў на 2018 год

Мінск, 16 лютага. "У мэтах прыняцця дзейсных мер па дыверсіфікацыі экспарту і выхадзе на новыя рынкі" пастановай Савета міністраў ад 15 лютага № 131 вызначаны ключавы паказчык эфектыўнасці працы кіраўнікоў замежных устаноў Беларусі па экспарце тавараў на 2018 год, паведаміла прэс-служба ўрада.

Кіраўнікам замежных устаноў і службовым асобам, замацаваным за краінамі, даручана забяспечыць штомесячнае павелічэнне аб'ёмаў экспарту тавараў (без уліку аб'ёмаў нафты, нафтапрадуктаў, нафтавых газаў і газападобных іншых вуглевадародаў, калійных і азотных угнаенняў) у працэнтах да аналагічнага перыяду 2017 года не ніжэй за паказчыкі, вызначаныя гэтай пастановай.

Так, згодна з дакументам, найбольшых паказчыкаў — не ніжэй за прырост у 45% — запланавана дабіцца ў гандлі з ПАР і Нігерыяй. Экспарт у Кітай мяркуецца нарасціць на 44%, у В'етнам, Аргенціну і Бразілію — на 30%.

Ва Украіну экспарт павінен прырасці не менш як на 25%, Азербайджан — на 9%, Расію — на 7%, Арменію і Казахстан — на 6%.

З еўрапейскіх краін больш за ўсё экспартныя пастаўкі мяркуецца нарасціць ў Славакію і Швецыю (на 10%).

Кантроль за выкананнем пастановы ўскладзены на Міністэрства замежных спраў. Інфармацыя аб ходзе выканання ключавога паказчыка эфектыўнасці працы па экспарце тавараў будзе штоквартальна накіроўвацца ва ўрад Беларусі.

Міністр замежных спраў Уладзімір Макей 18 студзеня паводле вынікаў даклада кіраўніку дзяржавы паведаміў, што Аляксандр Лукашэнка даручыў МЗС прааналізаваць недахопы ў знешнепалітычнай дзейнасці. "Кіраўніком дзяржавы ў свой час была пастаўленая задача па дыверсіфікацыі нашай знешнеэканамічнай дзейнасці. Так, сёння пэўныя зрухі адбыліся, але мы не дасягнулі тых паказчыкаў, якія былі вызначаныя прэзідэнтам. Над гэтым трэба працаваць", — сказаў Макей.

"З 58 краін, дзе знаходзяцца нашы замежныя ўстановы, толькі па дзевяці краінах назіраецца зніжэнне экспарту. Гэта значна лепш за вынікі мінулага года", — падкрэсліў міністр.
Марына Носава, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239