Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/02/16/943239_123654/
Дата раздрукоўкі: 07.12.2019 15:34
16.02.2018 15:34 Палітыка, Грамадства

Лукашэнка пра мясцовыя выбары: Трэба прыйсці і прагаласаваць

Мінск, 16 лютага. У Беларусі будуць умацоўваць інстытут мясцовых саветаў дэпутатаў, заявіў Аляксандр Лукашэнка падчас гутаркі 16 лютага з работнікамі Слуцкага цукроварафінаднага камбіната (Мінская вобласць).

Лукашэнка адзначыў, што менавіта мясцовыя саветы закліканыя вырашаць надзённыя пытанні. "Гэта людзі, якія хутчэй могуць дастукацца да начальства, і менавіта праз мясцовага дэпутата можна хутчэй вырашыць наяўную праблему", — цытуе кіраўніка дзяржавы яго прэс-служба. Менавіта яны зацвярджаюць мясцовы бюджэт — а гэта зарплаты, у тым ліку работнікаў сфер аховы здароўя, адукацыі, дадаў Лукашэнка. "Я ўсё больш і больш раённыя, гарадскія саветы дэпутатаў нагружаю, каб яны вырашалі актуальныя пытанні разам са старшынямі рай- і гарвыканкамаў", — сказаў ён, падкрэсліўшы, што дэпутаты мясцовых саветаў працуюць на грамадскіх пачатках, не атрымліваючы зарплаты.

Лукашэнка нагадаў, што ў свой час яму прапаноўвалі ліквідаваць мясцовыя саветы, але, як паказала практыка, рашэнне іх захаваць было правільным. "Бо менавіта дэпутаты на месцах лепш за іншых ведаюць сітуацыю і могуць паўплываць на тых жа дармаедаў, а таксама на людзей, якія вядуць амаральны спосаб жыцця", — адзначыў ён.

Паводле слоў беларускага кіраўніка, кожны павінен узяць удзел у будучых выбарах і аддаць свой голас за таго, хто, на іх думку, з'яўляецца найбольш вартым кандыдатам. "Трэба прыйсці і прагаласаваць. Ідзе палітычная кампанія, і ў ёй трэба ўзяць удзел", — заявіў Лукашэнка.

Асноўны дзень галасавання на выбарах у мясцовыя саветы — 18 лютага. Згодна са звесткамі ЦВК, за тры дні датэрміновага галасавання (13—15 лютага) яўка выбаршчыкаў склала 18,73%.
БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН