Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/02/17/943342_123456/
Дата раздрукоўкі: 25.08.2019 00:57
17.02.2018 10:30 Палітыка, Грамадства

За чатыры дні на мясцовых выбарах датэрмінова прагаласавала больш за 27% выбаршчыкаў

Мінск, 17 лютага. Паводле звестак Цэнтрвыбаркама, за чатыры дні, 13—16 лютага, датэрміновага галасавання на выбарах дэпутатаў мясцовых саветаў 28-га склікання прагаласавала 27,03% ад агульнай колькасці беларускіх выбаршчыкаў.
У першы дзень датэрміновага галасавання ў Беларусі сваю волю выказалі 4,44% выбаршчыкаў, за два — 11,06%, тры — 18,73%.

Паводле даных ЦВК, за чатыры дні ў Брэсцкай вобласці прагаласавала 24,18% выбаршчыкаў, у Віцебскай — 28,79%, Гомельскай — 28,06%, Гродзенскай — 25,29%, Мінскай — 26,84%, Магілёўскай — 27,94%, у Мінску — 27,76%.

На папярэдніх мясцовых выбарах, якія адбыліся ў сакавіку 2014 года, за чатыры дні датэрмінова прагаласавала 24,92% выбаршчыкаў: у першы дзень — 3,82%, за два — 9,8%, за тры — 16,79%.

Датэрміновае галасаванне завяршаецца сёння, 17 лютага. Асноўны дзень галасавання на мясцовых выбарах — 18 лютага. Усяго ў галасаванні могуць прыняць удзел больш як 6,9 млн выбаршчыкаў.

Згодна з заканадаўствам для прызнання мясцовых выбараў сапраўднымі парог яўкі выбаршчыкаў не ўстаноўлены. Выбары будуць прызнаныя пры любой колькасці прагаласаваўшых.

Дэпутаты будуць абраныя ў 1.309 мясцовых саветаў па 18.111 акругах. Кандыдатамі ў дэпутаты мясцовых саветаў зарэгістравана больш як 22.278 чалавек. З іх 10.946 — жанчыны, 10.362 — дэпутаты дзейнага склікання, 1.169 — грамадзяне ва ўзросце да 30 гадоў, 33 — грамадзяне Расіі. Партыйным з`яўляецца 1.051 кандыдат.

Апазіцыйныя палітычныя партыі і арганізацыі неаднаразова заяўлялі, што мясцовыя выбары 2018 года ў Беларусі з`яўляюцца несвабоднымі і недэмакратычнымі. Пры гэтым кіраўнік Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына каля двух тыдняў таму сказала ў інтэрв`ю БелаПАН, што "сённяшні Выбарчы кодэкс дазваляе правесці альтэрнатыўныя і дэмакратычныя выбары".

15 лютага пасля галасавання кіраўнік ЦВК заявіла, што высокая яўка на мясцовых выбарах абумоўлена законнай стымуляцыяй выбаршчыкаў з боку ўлады.

Аляксандр Лукашэнка, размаўляючы 16 лютага з работнікамі Слуцкага цукроварафінаднага камбіната ў Мінскай вобласці, заявіў, што кожны павінен прыняць удзел у маючых адбыцца выбарах і аддаць свой голас за таго, хто, на іх думку, з`яўляецца найбольш годным кандыдатам. "Трэба прыйсці і прагаласаваць. Ідзе палітычная кампанія, і ў ёй трэба прыняць удзел", — сказаў ён.
Сяргей Каралевіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН