Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/02/17/943347_123456/
Дата раздрукоўкі: 09.12.2019 11:35
17.02.2018 12:01 Палітыка, Грамадства

Назіральнікі і прадстаўнікі дэмакратычных арганізацый заяўляюць аб новых фактах выкарыстання "каруселяў" на мясцовых выбарах

Мінск, 17 лютага. Незалежныя назіральнікі і прадстаўнікі дэмакратычных арганізацый заяўляюць аб новых фактах выкарыстання "каруселяў" на мясцовых выбарах, калі адзін чалавек можа прагаласаваць на некалькіх участках.
 
Кампанія "Праваабаронцы за свабодныя выбары" заяўляе пра шматлікія парушэнні падчас датэрміновага галасавання, у прыватнасці, пра факты прымусу да ўдзелу ў галасаванні, а таксама выкарыстанне выбарчых "каруселяў". "Выпадкі прымусу да ўдзелу ў датэрміновым галасаванні адзначаныя ў самых розных кутках Беларусі У асноўным гэта тычыцца студэнтаў універсітэтаў і каледжаў", — гаворыцца ў паведамленні кампаніі па выніках трох дзён назірання.

З мясцовымі выбарамі, якія праходзяць, адзначаюць праваабаронцы, "вярнуліся і ўжо многімі забытыя выбарчыя "каруселі". Так, назіральніца Валянціна Свяцкая на ўчастку № 28 Трактаразаводскай выбарчай акругі № 57 Мінска "звярнула увагу на некалькі мужчын, у якіх пазнала тых, хто прыходзіў галасаваць днём раней. Назіральніца запатрабавала, каб яны пакінулі памяшканне для галасавання. Адзін з іх пайшоў, так і не атрымаўшы другі раз бюлетэнь для галасавання".
 
Актывіст грамадскага руху "Дзея" Дзяніс Краўчук вырашыў прыкінуцца "карусельшчыкам" і прагаласаваць некалькі разоў на участках акругі, да якой ён не належыць. Яму ўдалося гэта зрабіць тры разы. "Пра існаванне выбарчых "каруселяў" вядома даўно, але ўпершыню ўдалося атрымаць доказы і ў дэталях раскрыць схему фальсіфікацый, якія кожныя выбары арганізоўвае ўлада", — гаворыцца ў лісце арганізацыі.
 
Як паведамлялася раней, старшыня Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька 14 лютага заўважыў на адным з выбарчых участкаў акругі ў Цэнтральным раёне Мінска, па якой балатуецца намеснік старшыні АГП Мікалай Казлоў, групу з сямі жанчын, якіх арганізавана прывезлі мікрааўтобусам да гімназіі № 34. Убачыўшы, што Лябедзька здымае відэа на тэлефон, жанчыны пачалі адварочвацца ад камеры і разыходзіцца. "Сем жанчын арганізавана прагаласавалі ў гімназіі № 34 і чакалі, калі іх падхопіць бусік... Некаторыя рэціраваліся бегам", — напісаў ён на сваёй старонцы ў "Фэйсбуку".
 
Паводле звестак Цэнтрвыбаркама, за чатыры дні, 13—16 лютага, датэрміновага галасавання на выбарах дэпутатаў мясцовых саветаў 28-га склікання прагаласавала 27,03% ад агульнай колькасці беларускіх выбаршчыкаў.
Сяргей Каралевіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН