Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/02/17/943350_123456/
Дата раздрукоўкі: 26.02.2020 00:54
17.02.2018 12:12 Палітыка, Грамадства

Кампанія назірання "Права выбару" заклікае ўчастковыя камісіі правесці адкрыты і галосны падлік галасоў

Мінск, 17 лютага. Кампанія назірання "Права выбару" заклікае старшыняў участковых выбарчых камісій правесці адкрыты і галосны падлік галасоў на мясцовых выбарах, асноўны дзень галасавання на якіх адбудзецца 18 лютага.
 
16 лютага кампанія назірала за ходам галасавання на выбарчым участку 151, у ім удзельнічалі 302 назіральнікі, якія падрыхтавалі і падалі 31 скаргу аб парушэннях. За чатыры дні прадстаўнікі кампаніі падалі 120 скаргаў, паведамляе яе прэс-служба.
 
У чацвёрты дзень датэрміновага галасавання назіральнікам выбары "запомніліся выбарчымі "каруселямі" і выклікамі міліцыі на выбарчыя ўчасткі, што ўжо стала звычайным".
 
Напрыклад, у Магілёве міжпартыйны каардынатар Алег Аксёнаў паведамляе аб прысутнасці на двух участках супрацоўніцы з выканкама, якая "дэманстратыўна" заклікала старшыняў выбарчых камісій не звяртаць увагі на працу незалежных назіральнікаў і не прымаць ад іх скаргаў.
 
У Мінску на адным з выбарчых участкаў Кунцаўшчынскай выбарчай акругі назіральнікі зафіксавалі выпадак, калі выбаршчык прагаласаваў не маючы рэгістрацыі на гэтым участку.
 
Як заяўляе назіральнік, застаюцца "традыцыйнымі выпадкі" з неналежным захаваннем скрыняў для галасавання, а таксама недаваннем інфармацыі назіральнікам членамі ўчастковых камісій. У некаторых выпадках члены камісій забараняюць назіральнікам зрабіць копію пратакола з дапамогай мабільных тэлефонаў.
 
Нацыянальны каардынатар кампаніі "Права выбару" Аляксандр Сілкоў лічыць, што ўладам яшчэ не позна павярнуцца тварам да народа, асабліва падчас падліку галасоў. "Улада пачала нервова рэагаваць на нашых назіральнікаў, якія патрабуюць выканання дзеючага заканадаўства. Мы ведаем, што на членаў выбарчых камісій аказваецца ціск з выканкамаў і навязваюцца схемы з" карусельшчыкамі", штучным завышэннем яўкі і правакацый у дачыненні да назіральнікаў. Мы заклікаем старшыняў участковых выбарчых камісій выконваць выбарчае заканадаўства і правесці адкрыты і галосны падлік галасоў", — сказаў ён.
 
У кампанію назірання ўваходзяць восем дэмакратычных грамадскіх і палітычных арганізацый: Аб'яднаная грамадзянская партыя, Беларуская партыя "Зялёныя", Партыя БНФ, Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), рух "За Свабоду", аргкамітэты па стварэнні партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" і Партыі свабоды і прагрэсу, прафсаюз РЭП.
Сяргей Каралевіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН