Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/02/18/943416_12345/
Дата раздрукоўкі: 18.10.2019 09:08
18.02.2018 11:38 Палітыка, Грамадства

Кампанія "Права выбару": Падчас датэрміновага галасавання ўлады мелі за мэту візуальнае стварэнне яўкі

Мінск, 18 лютага. Падчас правядзення датэрміновага галасавання на мясцовых выбарах улада арганізавала выбарчыя "каруселі" з мэтай візуальнага стварэння яўкі выбаршчыкаў на ўчасткі. Пра гэта гаворыцца ў справаздачы кампаніі назірання "Права выбару".

Назіральнікі адзначаюць, што "карусельшчыкі" былі заўважаныя толькі на тых выбарчых участках, дзе адбывалася назіранне кампаніяй "Права выбару". На іншых жа выбарчых участках высокая яўка, на іх думку, стваралася з дапамогай занясення завышаных лічбаў у выніковыя пратаколы ўчастковых выбарчых камісій.

Пасля выяўлення груп людзей, якія галасавалі па некалькі разоў на выбарчых участках па адной з акругаў па выбарах у Магілёўскі гарсавет і агучвання гэтай інфармацыі два назіральнікі кампаніі "Права выбару" былі пазбаўленыя акрэдытацыі.

У Мінску, адзначаюць у кампаніі, на некаторых участках стваралася масоўка з ліку праўладных назіральнікаў, якія перашкаджалі сачыць за сітуацыяй на участках незалежным назіральнікам.

Назіральнікі "Права выбару" зафіксавалі выпадкі выкарыстання адміністрацыйнага рэсурсу, калі на датэрміновае галасаванне прыходзілі групамі салдаты тэрміновай службы ў суправаджэнні падпалкоўніка, калі жыхароў інтэрнатаў, у прыватнасці студэнтаў, па розных прычынах прымушалі галасаваць датэрмінова.

Нацыянальны каардынатар кампаніі назірання "Права выбару — 2018" Аляксандр Сілкоў адзначае, што ўлада на датэрміновых выбарах праваліла тэст на дэмакратычнасць.

"Замест таго каб паказаць рэальную яўку і прадастаўляць назіральнікам усю інфармацыю аб колькасьці прагаласаваўшых датэрмінова, улада пачала ствараць імітацыю яўкі з дапамогай "карусельшчыкаў", што з'яўляецца сведчаннем яе нізкай інстытуцыйнай падтрымкі, — адзначыў нацыянальны каардынатар кампаніі "Права выбару" Аляксандр Сілкоў. — Код 000-179 у пашпарце, які быў апублікаваны неабыякавымі грамадзянамі, — сімвал гэтай кампаніі. Па гэтым кодзе можна было галасаваць, не маючы прапіскі, на любых выбарчых участках пэўнай акругі. Гэтым і скарысталіся дэмакратычныя актывісты, паспяхова прагаласаваўшы па гэтым кодзе тры разы".

Паводле інфармацыі Цэнтрвыбаркама, за пяць дзён датэрмінова прагаласавала 34,95% выбаршчыкаў.

На працягу пяці дзён датэрміновага галасавання назіранне кампаніі ажыццяўлялася на 151 выбарчым участку 32 выбарчых акругаў. Усяго 302 назіральнікі "Права выбару" падрыхтавалі 142 скаргі.

У кампанію назіраньня уваходзяць восем дэмакратычных грамадскіх і палітычных арганізацый: Аб'яднаная грамадзянская партыя, Беларуская партыя "Зялёныя", Партыя БНФ, Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), рух "За Свабоду", аргкамітэты па стварэнні партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" і Партыі свабоды і прагрэсу, прафсаюз РЭП.
Сяргей Каралевіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН