Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/02/18/943437_12345/
Дата раздрукоўкі: 21.07.2019 05:12
18.02.2018 13:31 Спорт, Палітыка

Лукашэнка накіраваў кіраўніку МАК прэтэнзіі за судзейства ў дачыненні да беларускага фрыстайліста Антона Кушніра

Мінск, 18 лютага. Аляксандр Лукашэнка накіраваў на адрас прэзідэнта Міжнароднага алімпійскага камітэта Томаса Баха прэтэнзіі з нагоды судзейства ў дачыненні да беларускага фрыстайліста Антона Кушніра. Пра гэта ён паведаміў 18 лютага журналістам пасля галасавання на выбарах у мясцовыя Саветы дэпутатаў.

"Яны проста, адкрыта вам скажу, як чалавек, які трохі ў гэтым разбіраецца, выкінулі галоўнага канкурэнта з фіналу", — цытуе Лукашэнку БелТА.

"Наша федэрацыя спрабавала пасля гэтага падаць пратэст, перагаварыць па-добраму са сваімі калегамі ў Пхёнчхане — міжнароднай федэрацыяй. Адказ быў ясна які. Мне прыйшлося ноччу падняць па трывозе МЗС, задзейнічаць пасольства ў Рэспубліцы Карэя. Накіраваць неадкладна ўрадавую тэлеграму ў адрас Баха. Выказаў яму ўсё, як я думаю, у мяккай форме. Мы гэта ўсё апублікуем. Мы хаваць гэта не будзем", — распавёў ён.

Ён адзначыў, што яму ўжо тэлефанавалі з офіса кіраўніка МАК і паведамілі, што далі каманду разабрацца і прыняць меры. "Абурылася ўжо ўся грамадскасць спартыўная, ідуць сігналы, што гэта ненармальна", — сказаў Лукашэнка.

Беларускі кіраўнік паведаміў, што адпаведныя прэтэнзіі ў адрас кіраўніцтва МАК былі падпісаныя ім не толькі як прэзідэнтам Нацыянальнага алімпійскага камітэта, але і кіраўніком дзяржавы.

"Я не думаю, што там будуць прынятыя на нашу карысць рашэнні. Калі гэтых рашэнняў не будзе, што далей... Значыць, думаю, што гэтая гутарка разам з іншымі размовамі і пытаннямі, якія ўзніклі ў міжнародным спорце, трэба перанесці на пляцоўку Міжнароднага алімпійскага камітэта. За гэтыя 20 гадоў, што я працую прэзідэнтам НАК, я ні разу не быў на гэтых сесіях, але думаю, што мне трэба там найбліжэйшым часам пабываць, каб гэтае соннае палітызаванае царства трошкі разварушыць. Занадта добра жывецца. Дзеляць гэтых людзей загадзя па рангах і пачынаюць дзяліць медалі: хто мацнейшы палітычна, той і атрымлівае медаль. Так быць не павінна!" — падкрэсліў беларускі лідар.

17 лютага пасля кваліфікацыйных спаборніцтваў у мужчын у фрыстайле, толькі адзін беларускі лыжны акрабат выступіць у фінале XXIII зімовых Алімпійскіх гульняў у Паўднёвай Карэі — 23-гадовы Станіслаў Гладчанка. Двум беларускім фрыстайлістам Антону Кушніру і Максіму Гусціку не ўдалося прайсці і другі этап кваліфікацыі. Алімпійскі чэмпіён мінулай Алімпіяды ў Сочы Антон Кушнір апынуўся сёмым лішнім, а Максім Гусцік заняў шаснаццатае месца. Самыя нізкія балы за другі скачок Кушнір атрымаў ад швейцарскага суддзі. У выніку беларус набраў на 0,45 бала менш, чым у фрыстайліста са Швейцарыі Мішы Гасера, які якраз замкнуў тузін фіналістаў.

Галоўны трэнер зборнай Беларусі па лыжнай акрабатыцы Мікалай Казека ў эфіры "Беларусь 1" назваў гэта "абсалютным бязмежжам", заявіўшы, што шэраг суддзяў "звялі рахункі і вырашылі пазбавіцца ад канкурэнта яшчэ на стадыі кваліфікацыі". "Суддзі з Кітая там прысутнічалі, з Расіі, Швейцарыі. Відавочна несправядлівыя ацэнкі, ніхто з трэнераў не зразумеў, чым менавіта правініўся Антон, што такое ён зрабіў!" — заявіў Казека.
БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН