Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/02/18/943441_12345/
Дата раздрукоўкі: 22.06.2018 02:36
18.02.2018 13:42 Палітыка, Грамадства

Лукашэнка: Беларусь зацікаўленая ў найхутчэйшым вырашэнні канфлікту ва Украіне

Мінск, 18 лютага. Беларусь вельмі зацікаўленая ў найхутчэйшым вырашэнні канфлікту ва Украіне, заявіў Аляксандр Лукашэнка 18 лютага журналістам пасля галасавання на мясцовых выбарах.

"Мы зацікаўленыя ў тым, каб гэты канфлікт або вайна (не ведаю, хто як гэта называе), каб гэта ўсё хутчэй скончылася, спынілася", — цытуе Лукашэнку прэс-служба прэзідэнта.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што наступствы падзей у Украіне адбіваюцца і на Беларусі. "Мы хапілі гора, дай бог", — сказаў ён, звярнуўшы ўвагу, што ў краіну за час канфлікту, паводле афіцыйных звестак, прыбылі прыкладна 160 тыс. украінцаў.

"Я падаў усім роўныя ўмовы з беларусамі, то бок бясплатную медыцынскую ахову здароўя, бясплатную адукацыю, дзіцячыя сады і іншае, камунальныя паслугі і ўсё, як у Беларусі. Вы думаеце, нам танна гэта абышлося? Не. Але людзі патрапілі ў бяду", — падкрэсліў Лукашэнка.

Пасля абвастрэння сітуацыі ва Украіне ў Беларусь таксама лінуў паток зброі, адзначыў кіраўнік дзяржавы. "Калі хто-небудзь думае, што гэта жарты ці прыгаворкі, вы памыляецеся", — дадаў ён.

Лукашэнка паведаміў, што было вырашана ўзмацніць кантроль на беларуска-ўкраінскай мяжы. "Я мог бы гэта рабіць 10-12 гадоў, а мне трэба за тры гады гэта зрабіць, каб перакрыць мяжу, — праблема. А тое, што сюды хлынула зброя, гэта ўжо вельмі вялікая праблема. І потым, гэта ж і палітычнае, і дыпламатычнае, і іншае ўздзеянне на нашу краіну (вы ж уяўляеце, што там сёння ва Украіне дзеецца), а як ад гэтага адгарадзіцца ў эпоху глабальнага інтэрнэту?" — сказаў ён.

"І потым, б'юцца нашы браты. Вайна ідзе, брат супраць брата пайшоў. Хіба гэта нармальна? Я на гэта спакойна глядзець не магу. Таму гэта трэба заканчваць, ніякаму грамадству гэта не трэба", — дадаў Лукашэнка.

З іншага боку, адзначыў ён, асобным дзяржавам канфлікт ва Украіне выгадны. "Яны будуць пастаянна раздзімаць гэты канфлікт, каб было горача ў Расіі і Беларусі. Нам трэба разумна паступіць і спыніць гэты канфлікт. Вось, што галоўнае", — лічыць кіраўнік дзяржавы.
Сяргей Каралевіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты

Праекты


© 2000 — 2018 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН