Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/02/18/943446_943447/
Дата раздрукоўкі: 22.06.2018 02:34
18.02.2018 14:38 Палітыка, Грамадства

Мінск застанецца перамоўнай пляцоўкай па ўрэгуляванні канфлікту ва Украіне, мяркуе Лукашэнка

Мінск, 18 лютага. Мінск застанецца перамоўнай пляцоўкай па ўрэгуляванні канфлікту ва Украіне, заявіў Аляксандр Лукашэнка 18 лютага пасля галасавання на мясцовых выбарах.

"Гэтую тэму ў сродках масавай інфармацыі разгарнулі, да скандалу дайшло. Я ведаю, што нікуды гэтая пляцоўка не дзенецца. Няўжо еўрапейскія праблемы хтосьці паедзе ў Азію вырашаць?" — цытуе Лукашэнку прэс-служба прэзідэнта.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што такога ж меркавання прытрымліваюцца ў Германіі. "Мы ж не вядзем перамовы, а забяспечваем, як мяне папрасілі Пуцін, Парашэнка, Меркель з Аландам. Мы доўга думалі, трэба нам гэта ці не трэба", — расказаў ён, адзначыўшы, што беларускі бок пагадзіўся на гэтую місію, паколькі сам зацікаўлены ў больш хуткім вырашэнні канфлікту.

"Калі знайшлі лепшую пляцоўку — дык гасподзь з імі! Мы сваю ролю ўжо, шчыра кажучы, сыгралі. Якія б ні былі мінскія пагадненні, вайну спынілі", — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Лукашэнка адзначыў, што людзі ў зоне канфлікту гінуць да гэтага часу. Але пасля таго, як стартавалі перамовы ў беларускай сталіцы, ужо не ў такіх маштабах, як было адразу, дадаў ён.

Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, калі будуць дасягнуты дамоўленасці аб пераносе перамоў у іншыя сталіцы, беларускі бок не будзе гэтаму пярэчыць. "Мы асабліва не перажываем за тое, што пайшлі гэтыя размовы. Гэта для мяне не навіна. Нехта хоча Нобелеўскую прэмію міру атрымаць, нехта яшчэ чаго-небудзь хоча. Але хацець не шкодна, трэба разумныя прапановы ўносіць, каб увесь свет не смяяўся", — заявіў ён.

Лукашэнка ўпэўнены, што пытанне аб пераносе перамоў па Украіне не абмяркоўвалася на сустрэчы прэзідэнтаў ЗША і Казахстана, як пра гэта многія пішуць. "Я не тое, што не веру, я ведаю, што гэтае пытанне Трамп не ўздымаў. У кагосьці свярбяць рукі абмеркаваць гэтае пытанне і здацца міратворцам. Таму ніякіх там абмеркаванняў не было, сустрэча была кароткая, не да гэтага было. Вы ведаеце яе вынікі: нібыта крэдыты на 7,5 млрд долараў падпісаныя, ведаеце, па якіх кірунках — вуглевадароды і іншыя рэсурсы. Гэта было галоўнае. Таму трэба супакоіцца і закрыць гэтую тэму", — лічыць ён.

18 студзеня прэзідэнт Казахстана Нурсултан Назарбаеў расказаў, што Дональд Трамп падчас сустрэчы з ім заявіў аб мэтазгоднасці пераносу з Мінска перамоў па ўрэгуляванні канфлікту на Данбасе. "Мінск-1 застопарыўся, у тупіку", — сказаў Назарбаеў на прэс-канферэнцыі па выніках пасяджэння Савета бяспекі ААН у Нью-Ёрку і дадаў, што "ўвогуле гэта першапачаткова павінна было быць у Казахстане".
Сяргей Каралевіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты

Праекты


© 2000 — 2018 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН