Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/02/18/943458_943459/
Дата раздрукоўкі: 18.09.2019 20:49
18.02.2018 15:39 Палітыка, Грамадства

Ярмошына назвала правакацыяй размешчанае ў інтэрнэце відэа пра "каруселі" на мясцовых выбарах

Мінск, 18 лютага. Старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына назвала правакацыяй размешчанае ў інтэрнэце відэа аб выбарчых "каруселях" на мясцовых выбарах.

Размаўляючы 18 лютага з журналістамі дзяржаўных СМІ, яна адзначыла, што ў сетцы з`явілася відэа, на якім адзін і той жа выбаршчык галасуе на двух участках. "У адным месцы ён паказаў дагавор аб найме жылога памяшкання. А ў другім — склаў слязлівую казку пра тое, што ён бедны студэнт, які страціў усе дакументы, альбо іх мама захоўвае. І чуллівыя настаўнікі, якія сядзяць у выбарчай камісіі, дазволілі яму прагаласаваць", — цытуе кіраўніка ЦВК агенцтва БелТА.

Менавіта гэта відэа, паводле слоў Ярмошынай, і паслужыла асновай для сцвярджэнняў аб тым, што ў Беларусі на выбарах прымяняюцца выбарчыя "каруселі", калі адны і тыя ж людзі галасуюць на розных участках, забяспечваючы такім чынам патрэбны працэнт.

"Адразу магу сказаць, што гэта глупства", — падкрэсліла старшыня ЦВК. У той жа час, дадала яна, гэты выпадак кажа аб няўменні членаў выбарчых камісій супрацьстаяць подласці і хітрасці. Камісія дазволіла сябе падмануць і нясе службовую адказнасць, але, з пункту гледжання маралі, пазіцыі членаў камісіі і маладога чалавека, які падмануў іх, несупастаўляльныя, лічыць Ярмошына. "Калі з аднаго боку наіўнасць, то з другога — глупства, подласць і адкрытая правакацыя", — сказала яна.

Між тым пра факты выбарчых "каруселяў" заяўляюць у сваіх справаздачах незалежныя назіральнікі. Напрыклад, у справаздачы кампаніі "Права выбару" па выніках датэрміновага назірання адзначаецца, што ўлада арганізавала "каруселі" з мэтай візуальнага стварэння яўкі выбаршчыкаў на ўчасткі. "Карусельшчыкі" былі заўважаныя на тых выбарчых участках, дзе праводзіла назіранне кампанія "Права выбару". На іншых жа выбарчых участках, паводле звестак назіральнікаў, высокая яўка стваралася з дапамогай унясення завышаных лічбаў у выніковыя пратаколы участковых выбарчых камісій.
Сяргей Каралевіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН