Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/02/18/943498_102058/
Дата раздрукоўкі: 14.11.2019 12:01
18.02.2018 20:17 Палітыка, Грамадства

У Беларусі завяршыліся выбары дэпутатаў мясцовых саветаў

Мінск, 18 лютага. Выбарчыя ўчасткі на выбарах дэпутатаў мясцовых саветаў 28-га склікання адкрыліся ў 8.00 і завяршылі працу ў 20.00. На 18.00 яўка выбаршчыкаў, згодна са звесткамі ЦВК, склала 70,54%.
Паводле вынікаў выбараў будзе сфармавана 1.309 мясцовых саветаў.

У залежнасці ад месца жыхарства выбаршчыкам выдавалі ад аднаго да трох бюлетэняў (для абрання дэпутатаў у саветы абласнога, базавага і пярвічнага ўзроўняў).

Выбары прайшлі ў 18.111 акругах. Абіраліся дэпутаты шасці абласных, Мінскага гарадскога, 118 раённых, 10 гарадскіх у гарадах абласнога падпарадкавання, 14 гарадскіх у гарадах раённага падпарадкавання, 8 пасялковых і 1.152 сельскіх саветаў.

Паводле звестак Цэнтрвыбаркама, на выбарах было зарэгістравана 22.278 кандыдатаў у дэпутаты. З іх 16.229 вылучаліся шляхам збору подпісаў, 6.546 — працоўнымі калектывамі, 871 — палітычнымі партыямі. Некаторыя кандыдаты вылучаліся рознымі спосабамі.

10.946 кандыдатаў у дэпутаты — жанчыны, 1.169 — маладыя людзі да 30 гадоў, 10.362 — дэпутаты папярэдняга склікання, 33 — грамадзяне Расіі.

Кандыдатамі ў дэпутаты былі зарэгістраваныя два прадстаўнікі Беларускай аграрнай партыі, 57 — Беларускай партыі левых "Справядлівы свет", тры — Беларускай патрыятычнай партыі, 46 — Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), пяць — Беларускай сацыяльна-спартыўнай партыі, 317 — Камуністычнай партыі Беларусі, 224 — Ліберальна-дэмакратычнай партыі, 61 — Аб'яднанай грамадзянскай партыі, 10 — Партыі БНФ, 143 — Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці, тры — Сацыял-дэмакратычнай партыі народнай згоды.

У назіранні за выбарамі ўдзельнічалі нацыянальныя назіральнікі (згодна са звесткамі ЦВК на 12 лютага, больш за 28 тыс.), а таксама 46 прадстаўнікоў дыпламатычных ведамстваў розных краін, акрэдытаваных у Беларусі.

Яшчэ да пачатку выбарчай кампаніі прадстаўнікі апазіцыі заявілі пра недэмакратычнасць выбараў, тлумачачы сваю пазіцыю адсутнасцю ў краіне свабоды слова і сходаў. Падобныя выказванні яны рабілі і падчас розных этапаў выбарчай кампаніі.

Незалежныя назіральнікі ўказвалі, у прыватнасці, на такія факты, як прадузятасць уладаў пры фармаванні выбарчых камісій, прымус да галасавання праз выкарыстанне адміністрацыйнага рэсурсу, завышэнне яўкі выбаршчыкаў, у тым ліку пры дапамозе "каруселі" (калі адны і тыя ж людзі галасуюць на некалькіх участках ).

Паводле звестак Цэнтрвыбаркама, за пяць дзён датэрміновага галасавання (з 13 па 17 лютага) прагаласавала 34,95% агульнай колькасці выбаршчыкаў.

На папярэдніх мясцовых выбарах, якія адбыліся ў сакавіку 2014 года, за пяць дзён датэрмінова прагаласавала 32,04% выбаршчыкаў (у першы дзень — 3,82%, за два — 9,8%, за тры — 16,79%, за чатыры — 24,92%).

15 лютага кіраўнік ЦВК Лідзія Ярмошына заявіла журналістам, што высокая яўка на мясцовых выбарах абумоўленая законнай стымуляцыяй выбаршчыкаў з боку ўлады. "У гарадах яўку на гэты момант проста стымулююць бюджэтныя арганізацыі, навучальныя ўстановы. Гэта натуральны працэс: працуюць над яўкай, заклікаюць", — сказала яна.

Стымуляцыя да галасавання не азначае прымусу да яго, падкрэсліла Ярмошына. "Прымушаюць — гэта калі кажуць, што калі ты не прыйдзеш, то табе будзе дрэнна (цябе выселяць з інтэрната, ты не атрымаеш прэміі). Рэкамендацыі прыйсці на ўчасткі — гэта не больш чым стымуляванне ў межах закону", — растлумачыла старшыня ЦВК.

Аляксандр Лукашэнка, гутарачы 16 лютага з работнікамі Слуцкага цукроварафінаднага камбіната ў Мінскай вобласці, заявіў, што кожны павінен узяць удзел у выбарах. "Трэба прыйсці і прагаласаваць. Ідзе палітычная кампанія, і ў ёй трэба ўзяць удзел", — сказаў афіцыйны лідар.

Асноўны дзень галасавання на выбарах дэпутатаў мясцовых саветаў прайшоў дастаткова добра, "нягледзячы на спробы арганізацыі асобных правакацый і фэйкавыя навіны", заявіла Лідзія Ярмошына ў інтэрв'ю праграме "Тыдзень" тэлеканала СТВ увечары 18 лютага. Паводле яе слоў, на гэтыя правакацыі і навіны "не павяліся ні выбарчыя камісіі, ні выбаршчыкі".
БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН