Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/02/18/eu_eu_943413_12345/
Дата раздрукоўкі: 18.10.2019 09:06
18.02.2018 10:42 Палітыка, Беларусь — Eўрасаюз

Кіраўнік МЗС Беларусі ўзяў удзел у Мюнхенскай канферэнцыі па пытаннях бяспекі

Мінск, 18 лютага. Міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей 16—18 лютага прыняў удзел у 54-й Мюнхенскай канферэнцыі па пытаннях бяспекі.

Як паведамляе прэс-служба МЗС, кіраўнік беларускага знешнепалітычнага ведамства ўдзельнічаў у пленарных пасяджэннях канферэнцыі і шэрагу панэльных дыскусій, у тым ліку па тэматыцы бяспекі ва Усходняй Еўропе.

У рамках канферэнцыі Макей таксама правёў шэраг двухбаковых сустрэч і перагавораў.

Так, прадметам перамоваў кіраўніка беларускага знешнепалітычнага ведамства з дарадцам Федэральнага канцлера ФРГ па пытаннях знешняй палітыкі і бяспекі Янам Хекерам стала актуальная праблематыка супрацоўніцтва Беларусі і Германіі, паведамляе прэс-служба.

Перспектывы ўзаемадзеяння Беларусі з Еўрапейскім саюзам абмеркаваныя з еўрапейскім камісарам па Еўрапейскай палітыцы суседства і перамоў аб пашырэнні ЕС Ёханесам Ханам і генеральным сакратаром ЕСЗД Хельгай Шмід.

Са старшынёй Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы Вольфгангам Ішынгерам, паведамляе прэс-служба, "кіраўнік беларускага МЗС абмеркаваў мадальнасці правядзення ў Мінску восенню 2018 года сустрэчы асноўнай групы Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы, прысвечанай тэматыцы дыялогу паміж Усходам і Захадам і рэгіянальнай бяспекі".

Магчымасці ўрэгулявання ўкраінскага канфлікту былі ў цэнтры ўвагі перамоваў Макея са спецыяльным прадстаўніком Дзяржаўнага дэпартамэнта ЗША па пытаннях Украіны Куртам Волкерам.

Адбыліся сустрэчы міністра замежных спраў Беларусі з кіраўнікамі знешнепалітычных ведамстваў Егіпта Самехам Шукры, Судана Ібрагімам Гандурам, дзяржаўным сакратаром МЗС Швецыі Анікай Сёдэр, падчас якіх "прадметна разгледжаныя пытанні двухбаковага і шматбаковага супрацоўніцтва", паведамляе прэс-служба.

Макей сустрэўся таксама са старшынёй Усходняга камітэта германскай эканомікі Вольфгангам Бюхеле, з якім абмеркаваў пытанні актывізацыі дзейнасці Беларуска-германскага няўрадавага савета дзелавога супрацоўніцтва, адноўленага сваю працу ў 2017 годзе, садзейнічання развіццю прамысловай кааперацыі паміж прадпрыемствамі Беларусі і Германіі.

З членам праўлення канцэрна "Сіменс" Роландам Бушам Макей абмяняўся думкамі адносна рэалізацыі актуальных і перспектыўных праектаў германскага канцэрна ў Беларусі. Асобная ўвага была нададзеная ўзаемавыгаднаму супрацоўніцтву ў энергетычнай і прамысловай сферах.
Андрэй Серада, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН