Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/02/19/943542_12345/
Дата раздрукоўкі: 18.09.2019 21:01
19.02.2018 08:43 Палітыка, Грамадства

У Беларусі сфарміраваныя ўсе 1.309 мясцовых саветаў

Мінск, 19 лютага. Паводле папярэдніх звестак ЦВК, у Беларусі сфарміраваныя ўсе 1.309 мясцовых саветаў, выбары ў якія адбыліся 18 лютага. Абраныя 18.110 дэпутатаў.
У адной з 18.111 акругаў райсавета неабходна будзе праводзіць паўторныя выбары.

Згодна са звесткамі Цэнтрвыбаркама, у склад Мінскага гарадскога і абласных саветаў прадстаўнікі апазіцыйных партый і арганізацый не прайшлі.

Па выніках датэрміновага і галасавання ў асноўны дзень яўка на мясцовых выбарах склала 77,05% (5.333.613 чалавек).

У Брэсцкай вобласці прагаласавала 79,16% (датэрмінова — 31,84%) выбаршчыкаў, у Віцебскай — 84,49% (34,96%), Гомельскай — 80,76% (36,48%), Гродзенскай — 79,81% (34,55%), Мінскай — 77,97% (34,61%), Магілёўскай — 82,26% (36,36%), у Мінску — 61,41% (35,69%).

На датэрміновым галасаванні яўка склала 34,95% выбаршчыкаў, на 10.00 дня асноўнага галасавання з улікам датэрміновага — 38,08%, на 12.00 — 45,57%, на 14.00 — 55,69%, на 16.00 — 63,66%, на 18.00 — 70,54%.

Паводле звестак Цэнтрвыбаркама, на выбарах было зарэгістравана 22.278 кандыдатаў у дэпутаты. З іх 16.229 вылучаліся шляхам збору подпісаў, 6.546 — працоўнымі калектывамі, 871 — палітычнымі партыямі. Некаторыя кандыдаты вылучаліся рознымі спосабамі.

10.946 кандыдатаў у дэпутаты — жанчыны, 1.169 — маладыя людзі да 30 гадоў, 10.362 — дэпутаты папярэдняга склікання, 33 — грамадзяне Расіі.

15 лютага кіраўнік ЦВК Лідзія Ярмошына заявіла журналістам, што высокая яўка на мясцовых выбарах абумоўленая законнай стымуляцыяй выбаршчыкаў з боку ўлады. "У гарадах яўку на гэты момант проста стымулююць бюджэтныя арганізацыі, навучальныя ўстановы. Гэта натуральны працэс: працуюць над яўкай, заклікаюць", — сказала яна.

Стымуляцыя да галасавання не азначае прымусу да яго, падкрэсліла Ярмошына. "Прымушаюць — гэта калі кажуць, што калі ты не прыйдзеш, то табе будзе дрэнна (цябе выселяць з інтэрнату, ты не атрымаеш прэміі). Рэкамендацыі прыйсці на ўчасткі — гэта не больш чым стымуляванне ў межах закона", — патлумачыла старшыня ЦВК.

Незалежныя назіральнікі на працягу галасавання заяўлялі, што ўлада для павышэння яўкі выкарыстоўвала адміністрацыйны рэсурс, арганізоўвала "каруселі", завышала лічбы ў выніковых пратаколах участковых выбарчых камісій.
Сяргей Каралевіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН