Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/02/19/943582_943583/
Дата раздрукоўкі: 23.10.2020 00:35
19.02.2018 13:34 Эканоміка, Фінансы

ГУУС: Падчас затрымання Козел актыўна непадпарадкоўваўся супрацоўніку міліцыі

Мінск, 19 лютага. ГУУС Мінгарвыканкама абнародавала сваю версію затрымання на выбарчым участку 18 лютага журналіста Андрэя Козела.

Як паведамляла напярэдадні Беларуская асацыяцыя журналістаў, 18 лютага Козел, які здымаў на выбарчым участку № 27 у Мінску, быў затрыманы і збіты. Журналіста затрымлівалі чатыры міліцыянеры. "Яго галавой разбілі шкляныя дзверы на выбарчым участку, таму ўся галава была рассечанай да крыві", — расказала БАЖ жонка журналіста Вольга Чайчыц. Паводле яе слоў, міліцыя спрабавала забараніць весці трансляцыю, але Козел заявіў, што мае права здымаць. Тады яго "схапілі і сілай выцягнулі з памяшкання".

Тэлеканал "Белсат" паведаміў, што Козел — яго супрацоўнік, на выбарах ён быў назіральнікам.

Паводле інфармацыі ГУУС, вечарам 18 лютага на выбарчым участку № 27 па вуліцы Веры Харужай у сталіцы быў затрыманы і дастаўлены для далейшага разгляду ў Цэнтральнае РУУС Мінска назіральнік Козел. "Падставай для затрымання паслужылі задзірлівыя дзеянні назіральніка і яго адмова выканаць законныя патрабаванні старшыні выбарчай камісіі па спыненні відэаздымкі падчас падліку вынікаў галасавання. Права на вядзенне відэаздымкі грамадзянін патлумачыў прыналежнасцю да аднаго з замежных СМІ, не акрэдытаваных у Рэспубліцы Беларусь", — гаворыцца ў паведамленні сталічнай міліцыі.

ГУУС таксама паведамляе, што для "спынення супрацьпраўных дзеянняў старшыня камісіі звярнуўся да супрацоўніка міліцыі, які нёс службу на выбарчым участку". "Прадстаўніком праваахоўных органаў былі дадзены выразныя тлумачэнні грамадзяніну аб парушэнні парадку, прапанавана спыніць відэаздымку і выканаць законныя патрабаванні старшыні выбарчай камісіі. А.Козел гэтыя звароты праігнараваў, аказаў актыўнае непадпарадкаванне супрацоўніку міліцыі, хапаў супрацоўніка за форменнае абмундзіраванне. Для спынення супрацьпраўных дзеянняў у дачыненні да назіральніка была прымененая фізічная сіла. Падчас выдварэння А.Козел нагой пашкодзіў шкленне дзвярэй выбарчага ўчастка", —гаворыцца ў паведамленні.

Козел знаходзіцца ў цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў ГУУС Мінгарвыканкама.
Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239