Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/02/19/943628_943629/
Дата раздрукоўкі: 14.07.2020 03:07
19.02.2018 15:50 Палітыка, Грамадства

Назіральнікі: Мясцовыя выбары-2018 сталі адной з найгоршых выбарчых кампаній

Мінск, 19 лютага. Мясцовая выбарчая кампанія стала адной з найгоршых у Беларусі — так ацэньваюць выбары дэпутатаў мясцовых саветаў, якія адбыліся 18 лютага, незалежныя назіральнікі.
За ходам выбарчай кампаніі сачылі адразу тры кампаніі назіральнікаў — "Праваабаронцы за свабодныя выбары", "Права выбару" і "За справядлівыя выбары", якія аб'ядноўваюць прадстаўнікоў дэмакратычных структур. 19 лютага прадстаўнікі гэтых кампаній правялі прэс-канферэнцыі, на якіх прадставілі свае справаздачы.

Каардынатар кампаніі "За справядлівыя выбары" Віктар Карняенка заявіў, што "больш брудных" выбараў у Беларусі яшчэ не было. Сярод брудных метадаў ён назваў правядзенне выбарчых "каруселяў" для візуалізацыі прысутнасці на ўчастках выбаршчыкаў, якія ў рэальнасці не хочуць ісці галасаваць. "Гэта сведчыць, што ўлада сябе дрэнна адчувае, а таму лічыць патрэбным ісці на яшчэ большыя парушэнні", — сказаў Карняенка.

Яшчэ адзін каардынатар кампаніі "За справядлівыя выбары" Валерый Ухналёў нагадаў: напярэдадні выбараў гучалі меркаванні аб тым, што ўлады, па прыкладзе парламенцкіх выбараў 2016 года, прапусцяць у мясцовыя саветы хоць бы невялікую колькасць дэмакратычных кандыдатаў. "У выніку выбары паказалі, што ўлады не хочуць ісці на лібералізацыю. Яны не хочуць мяняць сістэму, каб не дапусціць яе развалу. Таму кампанія прайшла як заўсёды, толькі з яшчэ большым цынізмам з боку выканаўчай улады", — сказаў Ухналёў.

Яшчэ адзін прадстаўнік кампаніі, лідар Беларускай партыі левых "Справядлівы свет" Сяргей Калякін, мяркуе, што такая сітуацыя з выбарамі можа ў выніку прывесці да грамадзянскай вайны. "Заўсёды адбываюцца ўзброеныя канфлікты, калі ў грамадстве няма механізмаў вырашэння ўнутраных супярэчнасцяў", — падкрэсліў ён.

Пра тое, што мясцовыя выбары сталі адной з найгоршых выбарчых кампаній у плане галасавання і падліку галасоў, заявілі і назіральнікі кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары".

"Мы з сумам канстатуем, што выбары ў мясцовыя саветы не адпавядаюць міжнародным стандартам і не могуць лічыцца дэмакратычнымі і празрыстымі. І, на жаль, мы далей канстатуем абсалютную дэградацыю выбарчай сістэмы Беларусі", — сказаў прадстаўнік кампаніі Уладзімір Лабковіч. Ён нагадаў пра абяцанне кіраўніка ЦВК Лідзіі Ярмошынай аб тым, што мясцовая кампанія будзе стэрыльнай. "Стэрыльна не атрымалася — атрымалася максімальна брудна", — дадаў Лабковіч.

Парушэнні пры датэрміновым галасаванні насілі масавы характар, актыўна выкарыстоўваўся адміністрацыйны рэсурс, прымус грамадзян да ўдзелу ў ім, адзначаюць праваабаронцы. Менавіта выкарыстанне адміністрацыйнага рэсурсу і прымусу стала адным з асноўных фактараў фарміравання яўкі на беларускіх выбарах.

"Выбарчы кодэкс прадугледжвае датэрміновае галасаванне як выключны від галасавання, але не асноўны, калі чалавек не можа прагаласаваць у асноўны дзень. У Беларусі фактычна мы назіраем шасцідзённае галасаванне, пяць дзён з якога яшчэ можна займацца агітацыяй. Нашы назіральнікі фіксавалі шматлікія факты завышэння яўкі на датэрміновым галасаванні, калі лічбы проста браліся са столі. Мы не ведаем, якой была рэальная яўка, там, дзе мы назіралі, мы фіксавалі выпадкі яе завышэння", — падкрэсліў Лабковіч.

У сваю чаргу назіральнікі кампаніі "Права выбару" заявілі, што на ўсіх этапах цяперашніх выбараў мелі месца "грубыя парушэнні выбарчага заканадаўства і міжнародных стандартаў".

У іх справаздачы адзначаецца, што фарміраванне выбарчых камісій было непразрыстым; шматлікім дэмакратычным кандыдатам было адмоўлена ў рэгістрацыі "па фармальных прычынах" ці ўвогуле без тлумачэння прычын; датэрміновае галасаванне "па-ранейшаму з'яўлялася адным з асноўных месцаў для розных махінацый, якія дазваляюць фальсіфікаваць" вынікі галасавання; не забяспечвалася захаванасць скрыняў для галасавання; завышалася колькасць тых, хто прагаласаваў; фіксаваліся факты прымусу да галасавання. У асноўны дзень галасавання "ажыццяўляліся дзеянні па фальсіфікацыі вынікаў галасавання з дапамогай прыпісак як на самім участку, так і падчас галасавання па месцы знаходжання выбаршчыкаў".

Прадстаўнікі ўсіх кампаній назірання звярнулі ўвагу на выкарыстанне ўладамі такога механізму фальсіфікацый, як шматразовае галасаванне аднымі і тымі ж людзьмі на розных участках (так званыя выбарчыя "каруселі"). "Гэта выклікае ў нас вялікую трывогу. Гэта сведчыць аб тым, што ў Беларусь прыходзіць новая сістэма фальсіфікацыі выбараў, якая пакуль не носіць масавага характару. Аднак гэта вельмі брудная тэхналогія", — падкрэсліў, у прыватнасці, Уладзімір Лабковіч.

Выкарыстанне тэхналогіі "каруселяў" на сёлетніх выбарах назіральнікі расцэньваюць як своеасаблівую трэніроўку ўлады перад наступнымі прэзідэнцкай і парламенцкай кампаніямі.

У кампанію назірання "Права выбару" ўваходзяць восем дэмакратычных грамадскіх і палітычных арганізацый: Аб'яднаная грамадзянская партыя, Беларуская партыя "Зялёныя", Партыя БНФ, Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), рух "За Свабоду", аргкамітэты па стварэнні партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" і Партыі свабоды і прагрэсу, прафсаюз РЭП.

Кампанія "Праваабаронцы за свабодныя выбары" аб'ядноўвае афіцыйна закрыты ўладамі праваабарончы цэнтр "Вясна" і Беларускі Хельсінкскі камітэт.

У кампанію назірання "За справядлівыя выбары" ўваходзяць прадстаўнікі Беларускай партыі левых "Справядлівы свет", Аб'яднанай грамадзянскай партыі, аргкамітэтаў грамадскага аб'яднання "За справядлівыя выбары", партыі "Надзея", Партыі працы, а таксама шэраг рэгіянальных ініцыятываў.
БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239