Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/02/20/943756_943757/
Дата раздрукоўкі: 22.06.2018 02:36
20.02.2018 10:05 Палітыка

МЗС Украіны: Беларусь не можа ўдзельнічаць у міратворчай місіі ААН у Данбасе

Мінск, 20 лютага. Беларусь з'яўляецца членам Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы (АДКБ), таму не можа прымаць удзел у міратворчай місіі ААН у Данбасе, заявіла намеснік міністра замежных спраў Украіны Алена Зеркаль.
"Наколькі я ведаю, Беларусь не выйшла з АДКБ і з'яўляецца членам гэтай арганізацыі. А калі мы выключаем НАТА, то вельмі лагічна, каб не казалі, што краіны АДКБ таксама прымаюць удзел у місіі", — адзначыла Зеркаль у эфіры ўкраінскага "5 канала" вечарам 19 лютага.

Паводле яе слоў, Украіна і заходнія партнёры не маюць намеру гуляць па правілах, якія спрабуе навязаць Крэмль. "Яны ўвесь час спрабуюць прасоўваць ідэю, што мы павінны весці ўсе дыялогі з групоўкамі "ЛНР" і "ДНР". Зразумела, што "ЛНР" і "ДНР" не з'яўляюцца бокам канфлікту. Гэта зразумела не толькі нам, а ўсім нашым заходнім партнёрам. таму і працягваюцца ўвесь гэты час сустрэчы — Волкер, Суркоў — розныя дыялогі, для таго каб прымусіць Расію зразумець, што гуляць па іх правілах ніхто не будзе", — патлумачыла Зеркаль.

Яна падкрэсліла, што Украіна настойвае на паэтапным размяшчэнні міратворчага кантынгенту, пачынаючы з некантраляванага ўчастка ўкраінска-расійскай мяжы. "Цяпер, я думаю, самае асноўнае, што міратворцы павінны быць на мяжы Украіны з Расійскай Федэрацыяй, і як будзе разгортвацца місія паэтапна. Дыскусія з гэтай нагоды працягваецца ўжо некаторы час", — адзначыла яна.

Цяпер у склад АДКБ уваходзяць шэсць дзяржаў: Арменія, Беларусь, Казахстан, Кыргызстан, Расія і Таджыкістан. Ключавымі задачамі АДКБ з'яўляюцца забеспячэнне нацыянальнай і калектыўнай бяспекі членаў, паглыбленне іх ваенна-палітычнага ўзаемадзеяння і інтэграцыі, ажыццяўленне ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва.

Як паведамляў БелаПАН, 18 лютага Аляксандр Лукашэнка зноў заявіў пра гатоўнасць даць міратворцаў для ўрэгулявання канфлікту ў Данбасе. "Я нават казаў абодвум прэзідэнтам, Парашэнку і Пуціну: вы не разлічвайце на тое, што я нечый буду, — сказаў ён журналістам на ўчастку для галасавання. — Я буду дакладна выконваць тое, пра што вы, два прэзідэнты, дамовіцеся: стаць паміж — я стану, дамовіцеся вывесці дзесяць тысяч узброеных сіл Беларусі — мы паставім іх на мяжы, дзе вы скажаце".

Увод міратворцаў ва Украіну — адна з тэм, што абмяркоўваліся на Мюнхенскай канферэнцыі па пытаннях бяспекі, у якой 16—18 лютага ўдзельнічаў міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей.

Каментуючы гэтую тэму ў інтэрв'ю праграме "Тыдзень" тэлеканала СТВ, кіраўнік беларускага знешнепалітычнага ведамства адзначыў, што пра магчымасць уводу беларускіх міратворцаў на паўднёвы ўсход Украіны Аляксандр Лукашэнка заявіў яшчэ ў кастрычніку 2014 года. "Праз некаторы час да гэтай ідэі вярнуліся, але час быў упушчаны. На жаль, цяпер арганізаваць гэтую ініцыятыву нашмат больш цяжкая справа, чым гэта было тады", — сказаў Макей.

Паводле яго слоў, у верасні мінулага года прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін прапанаваў размясціць міратворчыя сілы ААН на лініі падзелу. Украіна ўнесла свае прапановы наконт таго, як яна бачыць гэтую ідэю. Таму, паводле слоў кіраўніка МЗС, задача ў тым, каб зблізіць гэтыя пазіцыі, "знайсці, магчыма, нейкае кампраміснае рашэнне".

Менавіта пра гэта, як сказаў Макей, беларускі бок гаварыў у Мюнхене з прадстаўніком ЗША. "Мы запыталі сустрэчу, і яна адбылася са спецыяльным пасланнікам ЗША па Украіне спадаром Волкерам. Можна толькі пацвердзіць гатоўнасць Беларусі ўдзельнічаць у любым выглядзе, магчымым накіраванні кантынгенту ў гэты рэгіён, калі гэта будзе прымальна для ўсіх уцягнутых у гэты канфлікт бакоў", — заявіў міністр замежных спраў.
Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты

Праекты


© 2000 — 2018 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН