Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/02/20/943785_943786/
Дата раздрукоўкі: 03.06.2020 16:40
20.02.2018 13:14 Палітыка

Лукашэнка разлічвае на аднаўленне беларуска-алжырскіх адносін

Мінск, 20 лютага. Аляксандр Лукашэнка разлічвае на аднаўленне ўзроўню беларуска-алжырскіх адносін. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў 20 лютага на сустрэчы з міністрам замежных спраў Алжыра Абдэлькадэрам Месахелем, паведамляе прэс-служба прэзідэнта.

"Той узровень адносін, які ў нас існуе з вашай сяброўскай краінай, нельга прызнаць здавальняючым. Тым больш на фоне падзення гандлёва-эканамічных сувязяў. У гэтым і ваша, і наша віна, — сказаў Лукашэнка. — Таму я не выпадкова, жартам, але цалкам сур'ёзна заўважыў, што вы нарэшце прыехалі ў Мінск, разлічваючы на тое, што ваш візіт дасць сур'ёзны імпульс развіццю адносін, і мы хаця б адновім той узровень, які калісьці быў паміж нашымі краінамі".

Ён звярнуў увагу, што раней аб'ём двухбаковага гандлю паміж краінамі дасягаў больш за 200 млн долараў ЗША ў год. Кіраўнік дзяржавы перакананы, што ёсць усе магчымасці для аднаўлення ранейшых пазіцый.

Лукашэнка адзначыў, што Беларусь гатова па сваіх тэхналогіях працаваць у Алжыры ў сельскай гаспадарцы і прамысловасці. Ён дадаў, што Алжыр імпартуе вялікую колькасць рознай сельскагаспадарчай прадукцыі, якая вырабляецца ў Беларусі. "Ваша краіна імпартуе вялізную колькасць малочных прадуктаў. А мы, спрабуючы дыверсіфікаваць экспарт, шукаем сваё шчасце ў Кітайскай Народнай Рэспубліцы, Венесуэле і яшчэ далей. Пагадзіцеся, што з пункту гледжання лагістыкі Алжыр выглядае вельмі прывабна", — канстатаваў кіраўнік дзяржавы.

Ён таксама выказаў упэўненасць, што краінам удасца аднавіць ранейшы ўзровень ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва.

Лукашэнка разлічвае, што кіраўнікі знешнепалітычных ведамстваў абмяркуюць усе праблемныя пытанні двухбаковага ўзаемадзеяння і дамовяцца аб канкрэтных захадах для развіцця супрацоўніцтва па названых кірунках. "Бо з Егіптам мы змаглі дамовіцца, чаму мы не можам з Алжырам дамовіцца?" — задаўся пытаннем кіраўнік дзяржавы.

"Што тычыцца прамысловасці і нашага аўтамабілебудавання, трактарабудавання, сельгасмашынабудавання, то павінен сказаць, што Алжыр — гіганцкая краіна, і наша тэхніка, магчымасці нашых будаўнічых кампаній і іншых прадпрыемстваў прыйдуцца якраз па справе ў Алжыры", — упэўнены ён.

Абдэлькадэр Месахель у сваю чаргу адзначыў, што ўзровень палітычных адносін паміж Беларуссю і Алжырам досыць высокі, аднак патэнцыял эканамічнага ўзаемадзеяння рэалізаваны не ў поўнай меры. "Мэта майго візіту — наладзіць эканамічныя адносіны паміж краінамі і зрабіць іх больш інтэнсіўнымі", — сказаў дыпламат.

Кіраўнік знешнепалітычнага ведамства Алжыра адзначыў, што крыху раней паміж краінамі было падпісана пагадненне аб стварэнні сумеснага камітэта па развіцці супрацоўніцтва. "Нам напэўна спатрэбіцца нейкі юрыдычны інструмент, які дазволіць задаць рамкі для нашага супрацоўніцтва. Гэта пагадненне дасць магчымасць наладзіць усе віды эканамічнага ўзаемадзеяння паміж краінамі", — падкрэсліў Месахель.
Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239