Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/02/20/943819_12345/
Дата раздрукоўкі: 04.06.2020 22:52
20.02.2018 14:47 Грамадства, Фінансы, Эканоміка

Генпракуратура Беларусі прапаноўвае рэгламентаваць працу калектарскіх кампаній

Мінск, 20 лютага. Для абароны правоў і законных інтарэсаў грамадзян Генеральная пракуратура Беларусі накіравала ў Міністэрства юстыцыі ліст з прапановай рэгламентаваць працу калектарскіх кампаній.

Як паведамілі ў Генпракуратуры, прапануецца разгледзець пытанне аб усталяванні прававых асноў дзейнасці па вяртанні пратэрмінаванай запазычанасці фізічных асоб, якая ўзнікла з грашовых абавязацельстваў, распрацаваць нарматыўныя прававыя акты, якія рэгламентавалі б спагнанне запазычанасці і спосабы ўзаемадзеяння з даўжнікамі.

"Паколькі праца калектарскіх кампаній аб'ектыўна звязаная з прымусам грамадзян да пэўных дзеянняў, што можа суправаджацца ўшчамленнем іх правоў, пракуроры прапанавалі таксама стварыць дзяржаўны рэестр такіх юрыдычных асоб і ажыццяўляць за імі кантроль, прадугледзець адказнасць за неправамерныя дзеянні", — гаворыцца ў паведамленні Генпракуратуры.

Там адзначаюць, што ў цяперашняй эканамічнай сітуацыі склалася негатыўная тэндэнцыя павелічэння аб'ёмаў неплацяжоў па пратэрмінаваных і праблемных запазычанасцях, якiя ўзнiкаюць з грамадзянска-прававых дагавораў. З прычыны гэтага разам з сістэмай органаў прымусовага выканання асаблівую значнасць набыла практыка дасудовага спагнання праблемных даўгоў, г.зн. заснаваная на законе дзейнасць па прымусе даўжнікоў да безумоўнага выканання сваіх абавязацельстваў перад крэдыторамі (так званыя калектары).

Але калі дзейнасць органаў прымусовага выканання строга рэгламентаваная заканадаўствам, то калектарскія кампаніі фактычна бескантрольныя, працуюць выключна для дасягнення максімальнага выніку, ужываючы з гэтай мэтай часам радыкальныя і нават жорсткія метады ўздзеяння на даўжнікоў, спалучаныя з прычыненнем ім маральнай шкоды.

Так, у Генеральнай пракуратуры праведзеная праверка па скарзе грамадзяніна на дзеянні супрацоўнікаў ПУП, якія ў лісце, не паведаміўшы пра падставы сваёй работы па спагнанні чужога доўгу, аказвалі псіхалагічны націск на яго сына, выкарыстоўвалі безапеляцыйныя пагрозы прыцягнення да крымінальнай адказнасці, прадстаўлялі ўзоры заяў у міліцыю аб распачынанні крымінальнай справы і нават абвінаваўчага прыгавора суда.

Пасля разгляду звароту заяўніку растлумачаныя нормы грамадзянскага заканадаўства і абавязак належным чынам выконваць умовы дагавораў.

Пракуроры палічылі пры гэтым недапушчальным распаўсюджванне практыкі агрэсіўнага маніпулявання свядомасцю грамадзян, у большасці выпадкаў — людзей сталага ўзросту, якія маюць праблемы са здароўем. Такое запалохванне магло стварыць у іх ілжывае ўяўленне адносна немінучых перспектыў крымінальнай адказнасці.

Паколькі дзеянні ПУП былі відавочна несувымерныя з сітуацыяй, што асабліва актуальна пры наяўнасці спрэчкі аб запазычанасці, Генпракуратура накіравала ў адрас дырэктара камерцыйнай арганізацыі інфармацыйны ліст аб недапушчальнасці парушэнняў заканадаўства і правоў грамадзян.
Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239