Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/02/20/943828_12345/
Дата раздрукоўкі: 04.06.2020 23:46
20.02.2018 14:37 Эканоміка

Распрацаваны праект указа па ўдасканаленні механізму продажу дзяржмаёмасці

Мінск, 20 лютага. У Беларусі распрацаваны праект указа прэзідэнта па ўдасканаленні механізму продажу дзяржаўнай маёмасці, паведаміў 20 лютага на прэс-канферэнцыі ў Мінску старшыня Дзяржаўнага камітэта па маёмасці Андрэй Гаеў.
Паводле яго слоў, праект зменаў ва ўказ № 294 "Аб парадку распараджэння дзяржаўнай маёмасцю" падрыхтаваны "з улікам практыкі, якая склалася пры прымяненні дзейнага акта, які дазваляе залучаць дзяржмаёмасць у абарот самымі рознымі спосабамі і на розных падставах". "Праект рэвалюцыі не прадугледжвае і накіраваны на тое, каб зрабіць наступны крок у развіцці адносін, звязаных з распараджэннем маёмасцю. Прадугледжаныя крокі, накіраваныя на спрашчэнне працэдур, аптымізацыю прыняцця рашэнняў", — растлумачыў Гаеў.

Як нагадаў кіраўнік Дзяржкаммаёмасці, для таго, каб грамадзянін купіў дзяржаўны аб`ект, ад пачатку трэба, каб былі праведзеныя таргі з удзелам толькі юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў. Калі на першым аўкцыёне ніхто з юрыдычных асоб і ІП не набыў аб`ект, то ў грамадзяніна з`яўляецца такая магчымасць — купіць яго для рэканструкцыі пад жылы дом, аграсядзібу і г.д. Праектам указа прапануецца даць магчымасць адначасова ўдзельнічаць у аўкцыёнах усім жадаючым, у тым ліку і фізічным асобам.

Акрамя гэтага плануецца дазволіць прадаваць аб`екты за адну базавую велічыню ў гарадах з колькасцю насельніцтва больш за 50 тыс. чалавек.

"Плануецца таксама скараціць колькасць крокаў, якія паніжаюць кошт аб`екта пры продажы на аўкцыёнах. Сёння, калі аб`ект не прадаецца, то цана зніжаецца на 20%, затым на 50% і на 80% — аж да адной базавай велічыні. Як паказвае практыка, аб`ектаў з паніжэннем у 20% прадаецца вельмі мала. Унесеная прапанова аб прадастаўленні магчымасці пачынаць аўкцыёны адразу з 50-працэнтным зніжэннем", — растлумачыў кіраўнік камітэта.

Акрамя таго, прапануецца павялічыць растэрміноўку пры куплі аб`ектаў дзяржуласнасці з аднаго года да трох гадоў, пры гэтым права на яе атрыманне будзе вызначаць пакупнік, а не прадавец.

Паводле слоў кіраўніка Дзяржкаммаёмасці, праект указа праходзіць узгадненне, у сакавіку яго плануецца накіраваць на разгляд прэзідэнта і прыняць дакумент да канца гэтага года.

Паводле інфармацыі Гаева, летась было запланавана ўключыць у гаспадарчы абарот больш за 3,5 тыс. аб`ектаў, якія знаходзяцца ў дзяржуласнасці, і больш за 3 тыс., — з дзяржаўным удзелам. 60% з іх былі ўцягнутыя з умовамі кансервацыі або зносу. "У дачыненні да продажу — сітуацыя іншая. Прададзена 36% аб`ектаў. Пры гэтым 368 аб`ектаў не было прададзена і за адну базавую велічыню. Многія з іх у добрым стане (былыя школы, акушэрскія пункты), якія могуць выкарыстоўвацца для развіцця бізнесу або для пражывання", — адзначыў кіраўнік камітэта.
Марына Носава, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239