Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/02/20/943874_12345/
Дата раздрукоўкі: 15.06.2021 05:53
20.02.2018 17:10 Грамадства

Новым рэктарам ЕГУ прызначаны балгарын Сяргей Ігнатаў

Мінск, 20 лютага. Рэктарам Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта (ЕГУ, Вільнюс) прызначаны былы міністр адукацыі Балгарыі Сяргей Ігнатаў, паведаміў БелаПАН кіраўнік па камунікацыях і маркетынгу ЕГУ Максімас Мілта.
Паводле яго слоў, аднагалоснае рашэнне аб прызначэнні прафесара Сяргея Ігнатава на пасаду рэктара з 1 сакавіка прыняў агульны сход сузаснавальнікаў ЕГУ.

"Я глыбока веру ў будучыню гэтага ўнікальнага праекта, які дзейнічае ў той час, калі перад адукацыяй у галіне гуманітарных і сацыяльных навук стаяць беспрэцэдэнтныя выклікі", — цытуе новага рэктара сайт універсітэта.

Прафесар Сяргей Ігнатаў — егіптолаг, аўтар кніг "Марфалогія класічнага Егіпта", "Мудрасць старажытных егіпцян", "Егіпет фараонаў", "Папірус не расце на камені", "Цела бога" і больш за 40 акадэмічных публікацый, прысвечаных праблемам лінгвістыкі, гісторыі і рэлігіі старажытнага Егіпта.

Да прыходу ў ЕГУ Ігнатаў узначальваў Балгарскі інстытут егіпталогіі. У 2009—2013 гады ён займаў пасаду міністра адукацыі, моладзі і навукі ва ўрадзе Балгарыі, рэалізаваў рэформы ў галіне пашырэння ўніверсітэцкай аўтаноміі і дыверсіфікацыі мадэляў фінансавання вышэйшай адукацыі. У 2002—2009 гадах прафесар Ігнатаў быў рэктарам вядучага прыватнага балгарскага ўніверсітэта — Новага балгарскага ўніверсітэта.

Ігнатаў атрымаў доктарскую ступень у галіне егіпталогіі ў Санкт-Пецярбургскім дзяржаўным універсітэце. Ён таксама з`яўляўся стыпендыятам Оксфардскага ўніверсітэта (Каледж All Souls). Акрамя роднай балгарскай новы рэктар ЕГУ валодае расійскай, англійскай, французскай мовамі, выкладае егіпецкую (копцкую), асіра-вавілонскую (акадскую) і старажытнагрэцкую мовы.

Міністр замежных спраў Літоўскай Рэспублікі Лінас Лінкявічус пракаментаваў прызначэнне прафесара Ігнатава так: "Літва рада, што рэктарам ЕГУ стане такі прафесіянал міжнароднага ўзроўню, як прафесар Ігнатаў. Без усякага сумневу, прызначэнне прафесара Ігнатава будзе садзейнічаць новаму стратэгічнаму развіццю і ўмацаванню акадэмічнага і навуковага патэнцыялу ўніверсітэта, які з`яўляецца надзвычай важным праектам для Беларусі і рэгіёна".

Папярэднім рэктарам ЕГУ быў грамадзянін ЗША Дэвід Полік, які не валодаў ні рускай, ні беларускай мовамі, займаў пасаду рэктара ЕГУ з красавіка 2015 года да канца чэрвеня 2016-га. Затым пасада была вакантнай. Абавязкі рэктара часова выконвалі спачатку Ёрген Ёргенсэн, затым Аляксандр Калбаска.

Конкурс на пасаду рэктара ЕГУ быў абвешчаны 22 лістапада 2016 года і праходзіў пры падтрымцы кансалтынгавага агенцтва Mercuri Urval у Бруселі пад эгідай Шведскага агенцтва міжнароднага супрацоўніцтва ў галіне развіцця. Затым конкурс перанеслі на другую палову 2017 года, паколькі дагавор з фінальным кандыдатам не быў заключаны па ўзаемнай згодзе.

Імёны прэтэндэнтаў, як і інфармацыю аб тым, ці ёсць сярод іх грамадзяне Беларусі, ЕГУ не выдаваў з меркаванняў прыватнасці.

Ключавымі кваліфікацыйнымі патрабаваннямі да кандыдата з`яўляліся наяўнасць доктарскай ступені (PhD), не менш чым 15-гадовы вопыт выкладання і навукова-даследчай дзейнасці на ўніверсітэцкім узроўні, вопыт у галіне міжнароднага супрацоўніцтва ўніверсітэтаў, а таксама не менш як пяцігадовы досвед на старэйшай кіруючай пасадзе ў сферы вышэйшай адукацыі . Рэктар павінен мець досвед працы са структурамі Еўрапейскага саюза, свабодна валодаць англійскай мовай. Валоданне рускай і/або беларускай мовай ўлічваецца ў якасці станоўчага фактару.

У 2017 годзе Цэнтр ацэнкі якасці вышэйшай адукацыі Літвы даў адмоўную ацэнку дзейнасці ЕГУ. Першая інстытуцыйная ацэнка ЕГУ адбылася ў 2014 годзе і таксама мела адмоўны вынік. Згодна з літоўскім законам аб навучанні і навуцы, калі ВНУ двойчы атрымлівае негатыўныя ацэнкі, міністр вырашае пытанне аб адмене дазволу на ажыццяўленне ёй адукацыйнай дзейнасці.

31 студзеня на пасяджэнні ўрада Літоўскай Рэспублікі абмяркоўвалася пытанне пра перспектывы далейшай дзейнасці ЕГУ. Было вырашана, што ЕГУ павінен атрымаць новы дазвол на ажыццяўленне праграм вышэйшай адукацыі да 1 ліпеня 2019 года. Адпаведна, у 2018 годзе ЕГУ можа ажыццяўляць прыём студэнтаў на навучанне.

ЕГУ быў заснаваны ў Мінску ў 1992 годзе, а ў 2004-м — закрыты беларускімі ўладамі па ідэалагічных прычынах. Праз год ВНУ аднавіла працу ў Вільнюсе. З`яўляецца літоўскай ВНУ, але мае нефармальны статус беларускага ўніверсітэта ў выгнанні. Фінансуецца кааліцыяй міжнародных донараў. Першым рэктарам ЕГУ быў прафесар Анатоль Міхайлаў. У верасні 2014 года ён пакінуў пасаду рэктара і стаў прэзідэнтам ЕГУ.
Алена Спасюк, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2021 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239