Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/02/21/943973_12345/
Дата раздрукоўкі: 05.06.2020 00:21
21.02.2018 10:52 Эканоміка, Фінансы

ЕАБР дапускае паскарэнне інфляцыі ў Беларусі ў 2018 годзе

Мінск, 21 лютага. Еўразійскі банк развіцця (ЕАБР) лічыць, што рост спажывецкіх цэн у Беларусі у 2018 годзе можа паскорыцца. Такі прагноз банка змяшчаецца ў штоквартальным макраэканамічным аглядзе краін СНД, які рыхтуе ЕАБР.
Эксперты нагадалі, што ў 2017 годзе інфляцыя ў Беларусі была мінімальнай за ўсю гісторыю краіны і склала 4,6%.

"Нягледзячы на актыўнае запаволенне інфляцыі ў IV квартале 2017 года, у эканоміцы працягваюць назапашвацца фактары, якія нясуць у сабе рызыкі паскарэння інфляцыйных працэсаў", — лічаць эксперты ЕАБР.

У прыватнасці яны звяртаюць увагу, што тэмпы росту заработнай платы з другой паловы 2017 года перавышаюць тэмпы росту вытворчасці працы.

"Перавышэнне імпарту тавараў над экспартам разам з павелічэннем даходаў насельніцтва прывяло да прыкметнага росту попыту на валютным рынку, што ў канцы года знайшло адлюстраванне ў некаторым аслабленні курсу беларускага рубля", — гаворыцца аглядзе ЕАБР.

Акрамя гэтага, эксперты звяртаюць увагу на тое, што інфляцыйныя чаканні насельніцтва, якія вымярае Нацбанк, значна перавышаюць мэтавы ўзровень інфляцыі (11,9% пры мэце 6% на 2018 год).

"Рэалізацыя названых фактараў можа несці ў сабе рызыкі перавышэння мэтавага арыенціру па інфляцыі 6% на 2018 год", — прагназуюць эканамісты Еўразійскага банка развіцця.

Таксама, на іх думку, паскарэнню тэмпаў інфляцыі можа спрыяць бурны рост спажывецкага крэдытавання ў Беларусі.

"Найбольшую рызыку для эканомікі і фінансавай сістэмы нясе рост спажывецкага крэдытавання (на 75,1% за 2017 год), улічваючы высокую долю імпартных тавараў у спажыванні", — мяркуюць эканамісты ЕАБР.

У сувязі з гэтым, мяркуюць яны, утрымаць інфляцыю на ўзроўні 6% Нацбанку Беларусі будзе няпроста.

"Адной з асноўных і няпростых задач для манетарных уладаў у 2018 годзе будзе ўтрыманне інфляцыі ў межах мэтавых арыенціраў на фоне нізкай базы 2017 года і назапашаных рызык узмацнення інфляцыйнага націску", — прагназуюць эксперты еўразійскага банка.

Пры гэтым яны не выключаюць, што Нацбанку Беларусі ўсё ж такі ўдасца ўтрымаць інфляцыю на ўзроўні 6% у 2018 годзе.

"Правядзенне збалансаванай грашова-крэдытнай палітыкі ў адсутнасць знешніх шокаў прывядзе да захавання інфляцыі ў межах мэтавых арыенціраў ў сярэднетэрміновай перспектыве", — мяркуюць аўтары макраэканамічнага агляду ЕАБР.
Дзмітрый Заяц, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239