Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/02/21/943990_12345/
Дата раздрукоўкі: 14.07.2020 03:47
21.02.2018 12:46 Палітыка, Эканоміка

Лукашэнка: Мы будзем для ААН надзейнай апорай

Мінск, 21 лютага. Беларусь заўсёды будзе надзейнай апорай для Арганізацыі Аб'яднаных Нацый, заявіў Аляксандр Лукашэнка 21 лютага на сустрэчы ў Мінску з першым намеснікам генеральнага сакратара ААН Амінай Махамед.

"Мы будзем для вас, для ўсіх нас — Арганізацыі Аб'яднаных Нацый — надзейнай апорай. У гэтым вы павінны быць упэўненыя. Не толькі таму, што я асабіста вельмі паважаю цяперашняга генсакратара, не толькі таму, што Арганізацыя Аб'яднаных Нацый — гэта тая пляцоўка, дзе мы можам адкрыта казаць пра нашы праблемы. Але яшчэ і таму, што вы, мы ўсе нацэленыя на ліквідацыю нераўнамернага развіцця, на ліквідацыю беднасці, стварэнне сапраўднага шматпалярнага свету", — цытуе Лукашэнку прэс-служба прэзідэнта.

Ён выказаў надзею, што "калі-небудзь гэты шматпалярны свет будзе прадстаўлены не трыма-пяццю дзяржавамі, а ўсімі краінамі свету". "Кожны чалавек на планеце мае права быць у цэнтры гэтага шматпалярнага свету. У вырашэнні гэтых складаных праблем сучаснасці Еўропа абавязаная сыграць сваю ключавую ролю", — заявіў беларускі кіраўнік.

Лукашэнка вітаў правядзенне ў Мінску Рэгіянальнага форуму нацыянальных каардынатараў па мэтах устойлівага развіцця (МУР). Паводле яго слоў, гэта дазволіць абмеркаваць асноўны напрамак дзейнасці ўсіх краін ААН на бліжэйшую перспектыву — пытанні выканання парадку дня ў галіне ўстойлівага развіцця да 2030 года. "Менавіта гэта найважнейшы накірунак нашай дзейнасці, і вы, як прадстаўнік кантынента, які найбольш развіваецца, разумееце гэта больш, чым хто-небудзь", — звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы.

"Я не стану казаць пра тое, што мы зрабілі ў Беларусі для таго, каб заслужыць гэтую сустрэчу, каб даказаць нашу прыхільнасць да Мэт устойлівага развіцця. Вы гэта ўжо, напэўна, добра ведаеце, ды і нашы калегі вам пра гэта раскажуць. Мы цвёрда адданыя гэтай ідэі, як і вы, таму што ўпэўненыя ў тым, што прычынай непарадку, у тым ліку самай вялікай праблемы — тэрарызму, з'яўляецца менавіта нераўнамернае развіццё дзяржаў, што спараджае перш за ўсё беднасць. Мы прытрымліваемся той формулы, што дай чалавеку працу — ён ніколі не возьме вінтоўку ў рукі", — падкрэсліў Лукашэнка.
БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239