Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/02/21/944003_944004/
Дата раздрукоўкі: 18.09.2019 20:58
21.02.2018 13:34 Грамадства

Да святкавання 100-годдзя БНР далучыцца беларуская дыяспара

Мінск, 21 лютага. Да святкавання 100-годдзя Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР) далучыцца беларуская дыяспара ў многіх краінах свету. Пра гэта было заяўлена на прэс-канферэнцыі прадстаўнікоў аргкамітэта па святкаванні 21 лютага ў Мінску.
"Дата 100-годдзя БНР не застанецца па-за ўвагай беларускай дыяспары па ўсім свеце", — сказаў старшыня руху "За Свабоду" Юрась Губарэвіч. Святочныя мерапрыемствы, паводле яго слоў, пройдуць у Празе, Рызе, Вільнюсе, Варшаве і Беластоку, Нью-Ёрку, Вашынгтоне і Філадэльфіі, Таронта і Атаве, Лондане. "Будуць досыць насычаныя праграмы, у тым ліку з удзелам прадстаўнікоў урадаў, навуковай супольнасці гэтых краін", — адзначыў Губарэвіч.

Палітык Вячаслаў Сіўчык дадаў, што беларусы будуць адзначаць 100-я ўгодкі БНР у Ірландыі, Бельгіі, Ізраілі і ва Украіне. Што тычыцца святкавання ў Беларусі, то, як падкрэсліў Сіўчык, "галоўнае — каб беларускія ўлады не прымянялі гвалт у дачыненні да мірных удзельнікаў святочнага мерапрыемства".

Заяўка на правядзенне акцыі была пададзеная ў Мінгарвыканкам 25 студзеня. Яе падпісалі прадстаўнікі 13 партый і арганізацый, якія ўваходзяць у аргкамітэт па правядзенні мерапрыемства: Партыя БНФ, аргкамітэт па стварэнні партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя", Аб'яднаная грамадзянская партыя, рух "За Свабоду", рух салідарнасці "Разам", Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада, Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), аргкамітэт па стварэнні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада), аргкамітэт партыі "Беларускі рух", ініцыятыва "Дзея", прафсаюз РЭП, рух "За незалежнасць і дзяржаўнасць", кампанія "Еўрапейская Беларусь".

Заяўнікі просяць Мінгарвыканкам дазволіць 25 сакавіка не толькі традыцыйную дэманстрацыю і мітынг, але і канцэрт у цэнтры горада.

Дзень Волі 25 сакавіка адзначае дэмакратычная грамадскасць Беларусі, афіцыйна гэтага свята ў краіне няма.

Незалежнасць БНР была абвешчаная ў ноч на 25 сакавіка 1918 года. Многія гісторыкі лічаць, што менавіта перыяд БНР стаў першым этапам дзяржаўнага станаўлення беларускай нацыі. Урад Беларускай Народнай Рэспублікі прыкладаў нямала намаганняў для арганізацыі нацыянальных інстытутаў. З'явіўся пашпарт грамадзяніна БНР, была ўзаконеная дзяржаўная сімволіка — бел-чырвона-белы сцяг і герб "Пагоня", у шэрагу краін Еўропы адкрыліся дыппрадстаўніцтвы БНР.

Аднак з-за складанага ваенна-палітычнага становішча Рада БНР не змагла рэалізаваць ідэю дзяржаўнага суверэнітэту краіны — яна аказалася не абароненай перад расійскімі бальшавікамі і польскімі войскамі. У снежні 1918 года ўрад БНР быў вымушаны пераехаць у Вільню, затым — у Гродна.
Сяргей Каралевіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН