Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/02/21/944049/
Дата раздрукоўкі: 28.11.2020 11:04
21.02.2018 14:39 Грамадства

У розных гарадах Беларусі праходзіць збор подпісаў у падтрымку беларускай мовы

Мінск, 21 лютага. У Міжнародны дзень роднай мовы, які адзначаецца 21 лютага, у розных месцах Беларусі грамадскія актывісты праводзяць збор подпісаў у падтрымку беларускай мовы.

Як паведаміў на сваёй старонцы ў "Фэйсбуку" адзін з лідараў "Маладога фронту" (арганізацыя не зарэгістраваная ў Беларусі) Зміцер Дашкевіч, у Мінску подпісы збіраюцца з 13 да 20 гадзін на выхадзе з метро "Плошча Незалежнасці" ў бок вакзала; у падземным пераходзе з плошчы Незалежнасці да ГЦ "Сталіца"; на выхадзе з метро "Плошча Якуба Коласа" ў бок філармоніі і Камароўскага рынку; на выхадзе з метро "Кастрычніцкая" ў бок універсама "Цэнтральны"; на выхадзе з метро "Малінаўка" ў бок крамы "Прастор"; на выхадзе з метро "Інстытут культуры" ў бок чыгункі; на выхадзе з метро "Каменная Горка" ў бок крамы "Мацерык"; на выхадзе з метро "Магілёўская".

Подпісы ў абарону беларускай мовы таксама збіраюцца ў Бабруйску, Баранавічах і Чэрвені.

Падпісацца можна і пад электроннай петыцыяй на сайце petitions.by/petitions/1382.

Петыцыя "Падтрымка беларускай мовы — абавязак беларускай дзяржавы" з сабранымі подпісамі будзе накіраваная ў Міністэрства адукацыі і Савет міністраў Беларусі. У ёй, у прыватнасці, гаворыцца, што акрамя Дня роднай мовы, "беларусы 21 лютага адзначаюць таксама 100-гадовы юбілей Першай устаўнай граматы Беларускай Народнай Рэспублікі, у якой урад БНР заклікаў беларускі народ да поўнага самавызначэння".

"Праз 100 год пасля абвяшчэння Незалежнасці, якое мы святкуем 25 сакавіка, у Беларусі на беларускай мове навучаецца каля 10% школьнікаў і 0,3% студэнтаў ВНУ, — адзначаецца ў петыцыі. — Пад прыкрыццём "двуязычия" здзяйсняецца этнацыд беларускага народу, вынішчэнне беларускай мовы. 10-мільённы народ не мае ніводнай вышэйшай навучальнай установы на роднай мове. Адмыслова ствараюцца юрыдычныя і арганізацыйныя перашкоды для выхавання і адукацыі дзяцей на роднай мове".

Падпісанты патрабуюць ад уладаў: распрацаваць праграму адраджэння беларускай мовы ў сферы адукацыі, стварыць юрыдычныя ўмовы для рэгістрацыі прыватных дзіцячых садкоў, школ і ВНУ, а таксама стварыць першы беларускамоўны нацыянальны ўніверсітэт.
БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239