Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/02/22/944202_12345/
Дата раздрукоўкі: 23.09.2019 21:28
22.02.2018 11:57 Палітыка

МЗС занепакоенае планамі польскіх праварадыкалаў правесці марш у Гайнаўцы

Мінск, 22 лютага. Міністэрства замежных спраў Беларусі заклапочанае планамі польскіх праварадыкалаў правесці марш у Гайнаўцы, заявіў 22 лютага на брыфінгу ў Мінску прэс-сакратар МЗС Дзмітрый Мірончык.
"Адзін з дзеячаў, якому яны хочуць аддаць пашану, — гэта верхавод бандфарміравання Рамуальд Райс па мянушцы Буры, ён быў ваенным злачынцам", — сказаў Мірончык. "Гэта не проста наша меркаванне — гэта меркаванне і адназначная выснова Інстытута нацыянальнай памяці Польшчы", — дадаў ён.

Спецыяльна створаная структура, Інстытут нацыянальнай памяці Польшчы, канстатавала, што дзеянні Бурага — гэта злачынства з прыкметамі генацыду, заўважыў прэс-сакратар. "На сумленні Райса дзясяткі спаленых разам з жыхарамі беларускіх вёсак і сотні забітых і скалечаных мірных грамадзян, сярод якіх — жанчыны, дзеці, старыя. Яны былі знішчаныя або знявечаныя толькі таму, што належалі да беларускага этнасу і мелі праваслаўнае веравызнанне. Нішто не можа апраўдаць генацыд", — падкрэсліў Мірончык.

Ён таксама адзначыў, што Гайнаўка — гэта польскі горад, дзе большасць насельніцтва мае беларускія карані. "Яшчэ жывыя нашчадкі ахвяраў злачынстваў Бурага. Нам трэба штучнае распальванне варожасці паміж беларусамі і палякамі? Трэба нагнятанне напружанасці на нацыянальнай і канфесійнай глебе? Ці ўсё ж такі нам патрэбны гістарычны дыялог, які толькі пачаў развівацца паміж нашымі краінамі?" — задаў пытанні прэс-сакратар беларускага МЗС.

"У польскім нацыянальным пантэоне дастаткова герояў, рыцараў без страху і папроку, у тым ліку — агульных для нашых двух народаў, — дадаў Мірончык. — Упэўнены, у ім не павінна быць месца ваенным злачынцам, людзям, чые рукі па локаць у крыві бязвінных ахвяр, у тым ліку жанчын і дзяцей. Хоць вырашаць гэта, вядома, польскаму народу".
Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН