Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/02/22/944256_944257/
Дата раздрукоўкі: 28.05.2020 21:41
22.02.2018 15:59 Палітыка

"Міжнародная амністыя" ў штогадовым дакладзе згадала масавыя пратэсты, наяўнасць смяротнага пакарання і вязняў сумлення ў Беларусі

Мінск, 22 лютага. Праваабарончая арганізацыя "Міжнародная амністыя" прадставіла штогадовы даклад аб правах чалавека ў свеце. Беларусі ў ім прысвечаны тры старонкі.

У прыватнасці, адзначаецца, што з лютага па красавік 2017 года ўлады "жорстка душылі мірныя пратэсты". За гэты перыяд было затрымана больш за 900 чалавек, у тым ліку палітычных актывістаў, якім не давалі патрапіць на мітынгі, і журналістаў, гаворыцца ў дакладзе. "Не менш як 177 чалавек былі прызнаныя вінаватымі ў меркаваных адміністрацыйных правапарушэннях і аштрафаваныя альбо арыштаваныя на тэрміны ад пяці да 25 сутак. Ва ўсіх выпадках, акрамя аднаго, затрыманых судзілі сумарна: усе суды аднолькава без пытанняў прымалі рапарты міліцыянераў у якасці доказаў віны", — адзначаюць праваабаронцы.

У дакладзе падкрэсліваецца, што масавыя пратэсты былі выкліканыя прэзідэнцкім дэкрэтам аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства, які прадугледжваў выплату спецыяльнага падатку беспрацоўнымі.

Праваабаронцы адзначаюць, што ў сакавіку па абвінавачанні ў падрыхтоўцы масавых беспарадкаў былі затрыманыя 35 чалавек. "Арышты шырока асвятляліся па тэлебачанні. У ліпені ўсіх арыштаваных адпусцілі на свабоду", — гаворыцца ў дакладзе.

У ім таксама ўказана, што беларускі ўрад па-ранейшаму адмаўляўся прыняць мандат спецыяльнага дакладчыка ААН па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. Некалькі чалавек, якія звярнуліся па міжнародную абарону, былі вернутыя ў краіны, дзе ім пагражаюць катаванні і іншыя віды жорсткага абыходжання. Працягвалі дзейнічаць суровыя заканадаўчыя абмежаванні ў дачыненні да СМІ, няўрадавых арганізацый і публічных сходаў. Аднаго чалавека пакаралі смерцю, яшчэ чатырох прыгаварылі да смерці.

Працягвалася збліжэнне Беларусі з яе заходнімі суседзямі, а ў ліпені ў Мінску прайшла летняя сесія Парламенцкай асамблеі АБСЕ.

Асобна ў дакладзе згадваецца Дзмітрый Паліенка, які прызнаны "Міжнароднай амністыяй" вязнем сумлення ў сувязі з тым, што ўмоўны тэрмін за нібыта напад на супрацоўніка ДАІ падчас акцыі пратэсту веласіпедыстаў у красавіку 2016 года яму быў заменены на рэальнае двухгадовае зняволенне. Прычынай узмацнення жорсткасці пакарання сталі дзве адміністрацыйныя справы супраць Паліенкі. Першае адміністрацыйнае пакаранне (сямідзённы арышт) было накладзена на яго 10 сакавіка 2017 года за тое, што ён гучна абураўся прыгаворам на судзе, за ходам якога назіраў. Другое адміністрацыйнае пакаранне (15-дзённы арышт) — за яго ўдзел 25 лютага ў мірнай акцыі пратэсту супраць будаўніцтва будынка (бізнес-цэнтра недалёка ад Курапатаў. — БелаПАН.).

У дакладзе гаворыцца, што ў Беларусі захоўваюцца жорсткія абмежаванні дзейнасці няўрадавых арганізацый, працягвае дзейнічаць артыкул 193.1 Крымінальнага кодэкса (дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі).

"Міжнародная амністыя" нагадвае, што 25 сакавіка мінулага года ў офісе пазбаўленага ўладамі рэгістрацыі праваабарончага цэнтра "Вясна" супрацоўнікі АМАПа ў масках правялі вобыск і затрымалі 57 чалавек, сярод якіх былі беларускія і замежныя праваабаронцы і журналісты. Яны збіраліся назіраць за апазіцыйнай акцыяй у Дзень Волі. Затрыманых пратрымалі ў РУУС тры гадзіны, а пасля адпусцілі без выстаўлення абвінавачанняў. Аднаму з актывістаў спатрэбілася шпіталізацыя ў сувязі з траўмамі галавы, атрыманымі пры затрыманні.

У дакладзе таксама гаворыцца, што ў Беларусі дзясяткі журналістаў былі аштрафаваныя за супрацоўніцтва з замежнымі СМІ без акрэдытацыі. "Як мінімум у васьмі выпадках журналістаў, якія асвятлялі акцыі пратэсту, затрымлівалі як удзельнікаў і прыгаворвалі да адміністрацыйных арыштаў на тэрміны ад пяці да 15 дзён", — гаворыцца ў дакуменце.

Асобна згадваецца гомельская журналіст-фрылансер Ларыса Шчыракова, якую неаднаразова штрафавалі за супрацоўніцтва з польскім тэлеканалам "Белсат". "Паводле слоў Шчыраковай, у міліцыі яе папярэдзілі, што ў выпадку наступных адміністрацыйных правапарушэнняў яе сям`і можа быць нададзены статус "сацыяльна-небяспечнага становішча", і тады яе 11-гадовага сына забяруць у дзіцячы дом", — гаворыцца ў дакладзе.

"Міжнародная амністыя" таксама адзначае, што ў Беларусі ў 2017 годзе адсутнічала дзейсная сістэма прадастаўлення прыстанішча. "Улады неаднаразова выдавалі асоб, якія звярнуліся па міжнародную абарону, у краіны, дзе ім могуць пагражаць катаванні і іншыя віды жорсткага абыходжання", — гаворыцца ў дакладзе.

У прыватнасці, 5 верасня быў прымусова вернуты ў Расію этнічны чачэнец Імран Саламаў, які сцвярджаў, што яго шматразова катавалі ў Чачні. На момант высылкі ён спрабаваў абскардзіць адмову ў прадастаўленні прыстанішча. Чачэнскія ўлады 11 верасня пацвердзілі, што ён знаходзіцца пад вартай паліцыі ў сталіцы Чачні. Аднак з таго часу ён ні разу не звязаўся ні з адвакатам, ні са сваякамі, і па стане на канец года яго месцазнаходжанне заставалася невядомым. Пасля яго прымусовага вяртання ўлады Беларусі правялі праверку і ўстанавілі, што мела месца парушэнне беларускага заканадаўства і што Саламава заўчасна выслалі з краіны. У дачыненні да некалькіх супрацоўнікаў, датычных да яго справы, была распачатая дысцыплінарная вытворчасць, якая да канца года яшчэ не завяршылася, адзначаюць праваабаронцы.

Акрамя таго, у снежні 2016 года па запыце Азербайджана ў Беларусі быў затрыманы расійска-ўкраінска-ізраільскі блогер Аляксандр Лапшын. У лютым ён быў экстрадаваны ў Азербайджан, дзе яго адвольна затрымалі і судзілі ў сувязі з публікацыямі ў яго блогу з крытыкай у адрас азербайджанскіх улад. Лапшына прыгаварылі да трох гадоў пазбаўлення волі, а 11 верасня 2017 года ён атрымаў памілаванне прэзідэнта і быў адпушчаны на волю.
Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239