Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/02/22/944280_944281/
Дата раздрукоўкі: 12.06.2021 21:42
22.02.2018 16:06 Спорт

Беларускія біятланісткі занялі першае месца ў алімпійскай эстафеце

Мінск, 22 лютага. Жаночая зборная Беларусі па біятлоне заняла першае месца ў эстафеце 4 па 6 км на XXIII зімовых Алімпійскіх гульнях у Паўднёвай Карэі.
Каманда ў складзе Надзеі Скардзіны, Ірыны Крыўко, Дзінары Алімбекавай і Дар'і Домрачавай пераадолела дыстанцыю за 1 гадзіну 12 хвілін 3,4 секунды без штрафных кругоў. Пры стральбе выкарыстана дзевяць дадатковых патронаў (два — Скардзіна, тры — Крыўко, адзін — Алімбекава, тры — Домрачава).

На другім месцы каманда Швецыі (+10,7; 0+12), трэцімі фінішавалі францужанкі (+17,6; 0+14).

Пасля першай змены беларускі квартэт быў дзясятым (адставанне ад лідараў-італьянак 46,2 секунды), пасля другой — пятым (+21,2 ад фінак, якія беглі першымі), пасля трэцяй — чацвёртым (+17,1 ад полек, якія ўзначалілі гонку). Домрачава выйшла на першае месца пасля першай стральбы (лежачы), падчас якой закрыла пяць мішэняў пяццю патронамі. На стойцы яна выкарыстала ўсе тры дадатковыя патроны. Штрафны круг адкінуў бы каманду за межы прызавой тройкі.

Такім чынам, на рахунку беларускіх спартсменаў у Пхёнчхане тры медалі: два залатыя (у фрыстайлісткі-акрабаткі Ганны Гуськовай і жаночай эстафетнай зборнай па біятлоне) і сярэбраны (у Домрачавай у гонцы з масавым стартам). У агульным заліку яны падняліся з 16-га на 13-е месца. За залаты медаль прадугледжаны прэміяльныя ў памеры 150 тыс. долараў ЗША, за сярэбраны — 75 тыс.

23 лютага, у заключны дзень біятлоннай праграмы, адбудзецца мужчынская алімпійская эстафета 4 па 7,5 км.

ЗАГ-2018 завершацца 25 лютага.
Дзмітрый Уласаў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2021 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239