Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/02/22/944283_944284/
Дата раздрукоўкі: 16.06.2021 20:29
22.02.2018 16:51 Эканоміка

Рассельгаснагляд уводзіць забарону на пастаўкі беларускага малака і малочнай прадукцыі

Мінск, 22 лютага. Рассельгаснагляд 26 лютага ўводзіць часовыя абмежаванні на пастаўкі малака і некаторых іншых відаў малочнай прадукцыі беларускай вытворчасці, паведаміла прэс-служба расійскага ведамства.

"Па выніках праведзенай намеснікам кіраўніка Рассельгаснагляду Мікалаем Уласавым нарады і абмеркавання неабходнасці прыняцця мер у сувязі з працягам паступлення небяспечнай малочнай прадукцыі з Рэспублікі Беларусь у Расійскую Федэрацыю, Рассельгаснагляд да правядзення адпаведных перамоў з ветэрынарнай службай Беларусі і ўрэгулявання сітуацыі з арганізацыяй бяспекі беларускай прадукцыі з 26 лютага 2018 года вымушаны ўвесці часовыя абмежаванні на пастаўкі ў Расію прадукцыі, у якой выяўлялася найбольшая колькасць парушэнняў", — гаворыцца ў паведамленні.

Пад абмежаванні патрапілі: малако і вяршкі пастэрызаваныя, стэрылізаваныя і ультрапастэрызаваныя налівам; малако і вяршкі сухія, канцэнтраваныя, кансерваваныя і згушчаныя; сыроватка малочная наліўная, канцэнтраваная, сухая; канцэнтрат сыроватачнага і малочнага бялку.

Раней Рассельгаснагляд заявіў, што разглядае магчымасць увядзення новых абмежавальных мер у дачыненні да беларускай малочнай прадукцыі.

Ведамства накіравала ліст у дэпартамент ветэрынарнага і харчовага нагляду Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі "з заклапочанасцю аб сітуацыі, якая склалася з бяспекай малака і малочнай прадукцыі, што паступаюць з Рэспублікі Беларусь".

"На сённяшні дзень у нацыянальнай частцы Рэестра прадпрыемстваў Мытнага саюза Рэспублікі Беларусь зарэгістравана 113 прадпрыемстваў малочнай і малакаперапрацоўчай прамысловасці, у дачыненні да якіх уведзены шэраг мер: часовыя абмежаванні па прычыне выяўленняў забароненых і шкодных рэчываў — 9 прадпрыемстваў; рэжым узмоцненага лабараторнага кантролю — 9 прадпрыемстваў; прыпыненне сертыфікацыі — 6 прадпрыемстваў; часткова дзейныя абмежаванні на асобныя віды прадукцыі малочнай прамысловасці — 18 прадпрыемстваў. Такім чынам, 42 прадпрыемствы цяпер знаходзяцца ў зоне павышанай увагі ў дачыненні да адпаведнасці паказчыкам бяспекі ЕАЭС прадукцыі, якая пастаўляецца імі на расійскі рынак. Акрамя вышэйпададзенага, Рассельгаснаглядам было прыпынена дзеянне 67 дэкларацый аб адпаведнасці на малочную прадукцыю вытворчасці Рэспублікі Беларусь", — адзначаецца ў паведамленні.

Пры гэтым "абазначылася тэндэнцыя павелічэння паступлення ў Расійскую Федэрацыю малочнай прадукцыі, якая змяшчае рэшткі забароненых і шкодных рэчываў".

Як заявіў 19 лютага на прэс-канферэнцыі ў Мінску начальнік галоўнага ўпраўлення знешнеэканамічнай дзейнасці Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Аляксей Багданаў, у апошні час Мінсельгасхарчу Беларусі "ўдалося выбудаваць канструктыўны дыялог з Рассельгаснаглядам". Паводле яго слоў, на пастаяннай аснове адбываецца абмен дакументамі, "практычна ідзе анлайн-ўзаемадзеянне, тэлефонныя перамовы, прыязджаюць камісіі, якія правяраюць беларускія прадпрыемствы". "Мы вядзем адкрытую палітыку, нічога не хаваючы, даем тое, што нашых калег цікавіць. Таму стараемся аператыўна адказваць на заўвагі, якія нам паступаюць ад калег, ад нашага асноўнага эканамічнага партнёра. Нягледзячы на праблемы ў рамках працы саюза, нам трэба іх разам вырашаць, дамагацца цывілізаванага вырашэння любых спрэчак, зняцця бар'ераў і знаходзіць кампрамісныя рашэнні", — падкрэсліў Багданаў.

У 2017 годзе прадпрыемствы Мінсельгасхарча экспартавалі ў Расію прадукцыю на 2,1 млрд долараў.

Паводле апошніх звестак Белстата, у 2017 годзе Беларусь паставіла ў Расію малака і вяршкоў згушчаных і сухіх на 371,4 млн долараў, што на 12,8% менш, чым у 2016 годзе, малочнай сыроваткі — на 55,7 млн (на 3,7% больш).
Марына Носава, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2021 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239