Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/02/22/944304_557896/
Дата раздрукоўкі: 12.06.2021 20:35
22.02.2018 17:05 Спорт

Алімпійская чэмпіёнка Ганна Гуськова: Мне хочацца адпачыць маральна

Мінск, 22 лютага. Алімпійская чэмпіёнка 25-гадовая фрыстайлістка Ганна Гуськова эмацыйна спустошаная і хоча адпачыць маральна. Пра гэта яна заявіла журналістам у нацыянальным аэрапорце Мінск, дзе 22 лютага сустракалі беларускую зборную па фрыстайле, якая вярнулася з Алімпіяды ў Паўднёвай Карэі.

"Я вельмі рада перамозе, але гэта на справе цяжкавата псіхалагічна. Стан зараз больш шокавы і страчаны, чым у Пхёнчхане. Столькі людзей атачаюць, столькі рэпарцёраў. Гэта, вядома, вельмі хвалюе, але пакуль яшчэ не да канца зразумелыя адчуванні, напэўна, яшчэ не ўсвядоміла, што я алімпійская чэмпіёнка. Цяпер мне проста хочацца адпачыць маральна", — сказала Гуськова журналістам.

Паводле слоў спартсменкі, яна не разлічвала на перамогу. "Я проста спадзявалася выканаць сваю праграму на сто працэнтаў. Мне спачатку не паверылася, што я выйграла. Калі ўбачыла першае месца на табло, у мяне ў галаве пракруціліся пытанні: "Гэта мне такая ацэнка? Гэта я? Мне паставілі?" Шокавая сітуацыя. Магчыма, суддзі ацанілі, што я адна скакала патройнае сальта", — адзначыла Гуськова.

Перамогу на Гульнях яна прысвяціла свайму бацьку, аднак не растлумачыла, чаму менавіта яму. Таксама фрыстайлістка адмовілася адказваць на пытанне, на што патраціць прэміяльныя ад дзяржавы за залаты медаль.

Алімпійская чэмпіёнка заступілася за свайго партнёра па зборнай Антона Кушніра, які на Гульнях не прабіўся ў фінал (беларускі бок раней заявіў пра неаб`ектыўнасць суддзяў адносна ацэнкі Кушніра. — БелаПАН.). "Вельмі цяжка прымаць тое, што адбылося з Антонам. Я ніколі не сутыкалася з такім. Нам не далі пазмагацца за мужчынскае золата. Гэта ўсё так зневажальна, непрыгожа яны паступілі. Думаю, увесь свет гэта бачыў", — падагульніла Гуськова.
Аляксандр Ванковіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2021 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239