Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/02/22/944374_772014/
Дата раздрукоўкі: 28.05.2020 06:35
22.02.2018 21:46 Палітыка

Лукашэнка: Мэтанакіравана падрываецца класічнае міжнароднае права і яго аснова — суверэнітэт дзяржавы

Мінск, 22 лютага. "Мы жывем у эпоху маштабнага перадзелу свету. Мэтанакіравана, абдумана падрываецца класічнае міжнароднае права і яго аснова — суверэнітэт дзяржавы. Каласальна ўзрос фактар ваеннай сілы", — заявіў Аляксандр Лукашэнка 22 лютага на ўрачыстым сходзе з нагоды 100-годдзя Узброеных сіл.

"Беларусь з-за свайго геаграфічнага становішча і адкрытасці схільная ўздзеянню большасці палітычных падзей, што адбываюцца за мяжой", — прыводзіць словы Лукашэнкі прэс-служба прэзідэнта.

У выніку ўмяшання асноўных геапалітычных гульцоў ва ўнутраныя справы шэрагу дзяржаў, у тым ліку еўрапейскіх, справакаваныя ўнутраныя ўзброеныя канфлікты, заявіў прамоўца.

"Ажыццяўляецца паслядоўная мілітарызацыя Усходняй Еўропы, дзе разгортваюцца дадатковыя воінскія кантынгенты, — сказаў ён. — Як следства, сёлета істотна павялічацца ваенныя расходы гэтых краін".

"Але ж гэта былі не проста дружалюбныя нам краіны. Гэта былі родныя нам краіны. Мы зусім нядаўна, пры нашай з вамі памяці, знаходзіліся з гэтымі дзяржавамі ў адзіным абаронным блоку. Пасля распаду Савецкага Саюза нам клятвенна абяцалі, што НАТА на Усход пашырацца не будзе — трэба толькі ліквідаваць Варшаўскі дагавор. Ліквідавалі. Вядома хто. Нам за гэта не сорамна", — заявіў Лукашэнка.

Ён адзначыў, што шмат гадоў таму, яшчэ ў пачатку сваёй прэзідэнцкай кар'еры, папярэджваў усіх, што гэта найвялікшая памылка: "Што мы, разбурыўшы ўласную краіну, сыходзім з тых тэрыторый, якія былі нам падкантрольныя пасля Другой сусветнай вайны. І, больш за тое, руйнуецца наша абаронная прастора. Ніколі краіны альянсу не будуць выконваць свае абавязацельствы па непашырэнні. Так яно і адбылося. Развалілі сваю краіну ўласнымі рукамі і пачалі планамернае знішчэнне ўсяго таго, што было назапашанае ў гады Савецкага Саюза".

"Але жыццё нас ударыла балюча па галаве, а Гасподзь пашкадаваў, што нас, раздзяліўшы, не зняволілі без вайны. І мы апамяталіся, што занадта мала ў нас сяброў. А тыя, якія ў сябры запісваюцца, хлусяць. І нам давялося на маршы чатыры разы мадэрнізаваць сваё войска, аптымізаваць. Гэта каштавала нямала. І гэта, тым больш, не матэрыяльна, а маральна і духоўна дорага абышлося беларускаму народу, як і расіянам, народам некалі Савецкага Саюза", — падкрэсліў Лукашэнка.
БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239