Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/02/23/944470_944471/
Дата раздрукоўкі: 28.05.2020 07:39
23.02.2018 19:52 Грамадства

Мясцовыя жыхары выступаюць супраць хімічнай вытворчасці на Лагойскім тракце ў Мінску

Мінск, 23 лютага. Мясцовыя жыхары выступаюць супраць хімічнай вытворчасці на Лагойскім тракце ў Мінску, паведаміў БелаПАН каардынатар грамадскага руху "Экаград" Віктар Янчурэвіч.

Паводле яго слоў, на Лагойскім тракце плануюць размясціць вытворчасць акрылатных манамераў. Да 1 сакавіка праходзіць грамадскае абмеркаванне справаздачы аб АУНА (ацэнка ўздзеяння на навакольнае асяроддзе) аб'екта.

Заказчыкам планаванай гаспадарчай дзейнасці выступае ЗАТ "Галаграфічная індустрыя". Мясцовыя жыхары сустракаліся з прадстаўнікамі заказчыка, якія заявілі, што гэта вытворчасць ніяк не паўплывае на навакольнае асяроддзе, бо закупленае імпартнае абсталяванне і ўнікальная тэхналогія забяспечаць бяспеку вытворчасці. Паводле іх слоў, адзначыў Янчурэвіч, грамадскае абмеркаванне, якое праводзіцца, — толькі фармальнасць, патрабаванне заканадаўства, якое неабходна выканаць, паколькі размяшчэнне хімічнай вытворчасці — ужо пытанне вырашанае, і ўсе дазволы ўжо атрыманы.

"За такой сціплай назвай лабараторыі хаваецца хімічная вытворчасць з выкідамі небяспечных для здароўя людзей і ў цэлым для ўсёй экасістэмы раёна рэчываў — талуолу, гептану, бутылакрылату, ацэтону і іншых", — адзначыў актывіст. Грамадзяне "з абурэннем ўспрынялі такую навіну", ініцыятыўная група жыхароў мікрараёнаў Усход і Зялёны Луг пачала збор подпісаў пад зваротам супраць размяшчэння шкоднай вытворчасці ў мікрараёне.

"Цяпер стала відавочным, што наш экалагічна спрыяльны раён не пакінуць у спакоі, — заявіла член ініцыятыўнай групы жыхароў Людміла Бяляева-Гундорына. — Спачатку ўздоўж вуліцы Каліноўскага хацелі пабудаваць тры кварталы шматпавярховага жылля на месцы азялененай тэрыторыі. Цяпер побач з нашымі дамамі хочуць размясціць хімічную вытворчасць з небяспечнымі для здароўя выкідамі. Каму прыйшла ў галаву думка дазволіць будаўніцтва лабараторыі па вытворчасці акрылатных манамераў у мікрараёне, які даўно склаўся, за 100 метраў ад Севастопальскага парку з водазаборамі і паблізу жылых кварталаў??? Чаму ніхто не думае пра наша здароўе і здароўе нашых дзяцей? Выкіды талуолу, гептану, ацэтону і яшчэ многіх іншых рэчываў прывядуць да росту захворванняў".
Марына Носава, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239