Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/02/23/944535/
Дата раздрукоўкі: 28.05.2020 18:35
23.02.2018 21:18 Культура, Беларусь — Еўрасаюз

У рамках Дзён беларускай культуры на працягу 2017 года ў Францыі праведзена больш за 30 мерапрыемстваў

Мінск, 23 лютага. У рамках Дзён беларускай культуры на працягу 2017 года ў Францыі праведзена больш за 30 мерапрыемстваў, паведаміла пасольства Беларусі ў Парыжы.

Мерапрыемствы адбыліся ў сталіцы краіны, а таксама ў Ліёне, Бардо, Страсбургу, Авіньёне, Марселі ды іншых гарадах. Колькасць наведвальнікаў перавысіла 50 тыс.

Галоўнымі падзеямі Дзён беларускай культуры ў Францыі сталі арганізацыя ІІ беларускіх тэатральных сезонаў і ІІ беларускіх музычных сезонаў. Было прадстаўлена беларускае тэатральнае, музычнае, харэаграфічнае, выяўленчае, манументальнае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва, дызайн.

Адным з прыярытэтаў працы ў гуманітарнай сферы ў 2017 годзе стала святкаванне 500-годдзя беларускага кнігадрукавання.

Нацыянальнай бібліятэцы Францыі і бібліятэцы Нацыянальнай асамблеі Францыі былі перададзены ў дар поўныя факсімільныя выданні друкаванай спадчыны беларускага першадрукара Францыска Скарыны ў 20 кнігах.

На працягу 2017 года ў Францыі выступілі Беларускі дзяржаўны заслужаны харэаграфічны ансамбль "Харошкі", Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі, тэатр "Тры Т фармат", Маладзёжны сімфанічны аркестр Беларуская дзяржаўнай акадэміі музыкі, аркестр упраўлення Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Магілёўскай вобласці і іншыя калектывы.

Беларускія мастакі другі раз прынялі ўдзел у Восеньскім салоне на Елісейскіх палях, які з`яўляецца найбольш старой (праводзіцца 114 гадоў) і прэстыжнай выставай сучаснага выяўленчага мастацтва ў свеце.

23 лютага 2018 года з нагоды Міжнароднага дня роднай мовы ў штаб-кватэры ЮНЕСКА ў Парыжы прайшла ўрачыстая цырымонія, прысвечаная падрыхтоўцы арганізацыяй Сусветнага атласа моў і абвяшчэнню Генеральнай асамблеяй ААН 2019 года Сусветным годам карэнных народаў. У мерапрыемстве прынялі ўдзел супрацоўнікі пастаяннага прадстаўніцтва Беларусі пры ЮНЕСКА.

У 2018 годзе плануецца арганізаваць шэраг беларускіх культурных мерапрыемстваў у Францыі, сярод якіх працяг традыцыі арганізацыі беларускіх Калядак у Парыжы і Ліёне, паказ спектакляў беларускіх тэатраў, выступленне ансамбля танца, музыкі і песні "Белыя росы", правядзенне мерапрыемстваў па святкаванні 300-годзя з дня нараджэння Саламеі Рэгіны Русецкай (уключана ў ліст памятных дат, якія будуць святкавацца ў 2018 годзе пад эгідай ЮНЕСКА), удзел беларускіх мастакоў у міжнароднай выставе Art Capital у Гранд-Пале.
БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239