Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/02/23/eu_944461_559764/
Дата раздрукоўкі: 13.07.2020 23:42
23.02.2018 16:04 Палітыка, Беларусь — Еўрасаюз

Абмежавальныя меры ЕС у дачыненні да Беларусі працягнутыя яшчэ на год

Мінск, 23 лютага. Савет Еўрасаюза працягнуў яшчэ на год — да 28 лютага 2019 года — абмежавальныя меры ў дачыненні да Беларусі.
"Гэтыя меры ўключаюць эмбарга на пастаўкі зброі, забарону на экспарт тавараў для ўнутраных рэпрэсій, а таксама замарожванне рахункаў і забарону на паездкі на тэрыторыю ЕС у дачыненні да чатырох чалавек, якія лічацца датычнымі да гвалтоўных знікненняў двух апазіцыйных палітыкаў, бізнесмена і журналіста ў 1999 і 2000 гадах", — гаворыцца ў паведамленні прэс-службы Савета ЕС.

Пад санкцыямі застаюцца Уладзімір Навумаў (былы міністр унутраных спраў), Віктар Шэйман (былы кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта), Юрый Сівакоў (у канцы 1990-х гадоў, у перыяд знікнення апазіцыйных палітыкаў, займаў пасаду кіраўніка МУС) і Дзмітрый Паўлічэнка (камандзір брыгады спецназу ўнутраных войскаў МУС).

Пры гэтым Савет ЕС працягнуў выключэнне для экспарту ў Беларусь біятлоннага абсталявання — яго пастаўкі дазволеныя пры ўмове атрымання папярэдняга дазволу кампетэнтных нацыянальных органаў у кожным канкрэтным выпадку.

Як адзначаецца ў паведамленні, абмежавальныя меры ў дачыненні да Беларусі былі ўпершыню ўведзеныя ў 2004 годзе ў сувязі са знікненнем апазіцыйных палітыкаў Віктара Ганчара і Юрыя Захаранкі, журналіста Дзмітрыя Завадскага і бізнесмена Аляксандра Красоўскага. Пазней Савет ЕС прыняў далейшыя абмежавальныя меры ў дачыненні да асоб, якія ўдзельнічалі ў парушэнні міжнародных выбарчых стандартаў і правоў чалавека ў краіне, а таксама ў барацьбе з грамадзянскай супольнасцю і дэмакратычнай апазіцыяй.

Эмбарга на пастаўкі зброі было ўведзенае ў 2011 годзе. 15 лютага 2016-га Савет ЕС прыняў рашэнне зняць абмежавальныя меры супраць 170 фізічных асоб і чатырох кампаній пры захаванні эмбарга на пастаўкі зброі і санкцый у дачыненні да чатырох асоб.
Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239