Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/02/23/eu_944527_944527/
Дата раздрукоўкі: 28.05.2020 18:56
23.02.2018 20:45 Палітыка, Беларусь — Еўрасаюз

МЗС: Працяг абмежавальных мер не адпавядае духу нармальных партнёрскіх адносін паміж Беларуссю і ЕС

Мінск, 23 лютага. "Працяг абмежавальных мер не адпавядае духу нармальных партнёрскіх адносін паміж Беларуссю і ЕС", — заявіў начальнік упраўлення інфармацыі і лічбавай дыпламатыі Дзмітрый Мірончык, каментуючы рашэнне Савета ЕС.

"Санкцыі з самага пачатку насілі неабгрунтаваны характар. Мы ў прынцыпе выступаем супраць выкарыстання аднабаковых санкцыйных метадаў у міжнародных адносінах", — падкрэсліў Мірончык.

Пры гэтым у Мінску "звярнулі ўвагу на тое, што з-пад дзеяння зброевага эмбарга ЕС выведзеныя некаторыя віды спартыўнай зброі".

"Пацвярджаем нацэленасць Беларусі на развіццё прагматычнага і ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва з ЕС без якіх-небудзь санкцый і палітычных абмежаванняў", — адзначыў прадстаўнік МЗС.

23 лютага Савет ЕС яшчэ на год, да 28 лютага 2019 года, працягнуў абмежавальныя меры ў дачыненні да Беларусі.

"Гэтыя меры ўключаюць эмбарга на пастаўкі зброі, забарону на экспарт тавараў для ўнутраных рэпрэсій, а таксама замарожванне рахункаў і забарону на паездкі на тэрыторыю ЕС у дачыненні да чатырох чалавек, якія лічацца датычнымі да гвалтоўных знікненняў двух апазіцыйных палітыкаў, бізнесмена і журналіста ў 1999 і 2000 гадах", — гаворыцца ў паведамленні прэс-службы Савета ЕС.

Пад санкцыямі застаюцца Уладзімір Навумаў (былы міністр унутраных спраў), Віктар Шэйман (былы кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта), Юрый Сівакоў (у канцы 1990-х гадоў, у перыяд знікнення апазіцыйных палітыкаў, займаў пасаду кіраўніка МУС) і Дзмітрый Паўлічэнка (камандзір брыгады спецназа ўнутраных войскаў МУС).

Пры гэтым Савет ЕС працягнуў выключэнне для экспарту ў Беларусь біятлоннага абсталявання — яго пастаўкі дазволеныя пры ўмове атрымання папярэдняга дазволу кампетэнтных нацыянальных органаў у кожным канкрэтным выпадку.

Як адзначаецца ў паведамленні, абмежавальныя меры ў дачыненні да Беларусі былі ўпершыню ўведзены ў 2004 годзе ў сувязі са знікненнем апазіцыйных палітыкаў Віктара Ганчара і Юрыя Захаранкі, журналіста Дзмітрыя Завадскага і бізнесмена Анатоля Красоўскага. Пазней Савет ЕС прыняў далейшыя абмежавальныя меры ў дачыненні да асоб, якія ўдзельнічалі ў парушэнні міжнародных выбарчых стандартаў і правоў чалавека ў краіне, а таксама ў барацьбе з грамадзянскай супольнасцю і дэмакратычнай апазіцыяй.

Эмбарга на пастаўкі зброі было ўведзена ў 2011 годзе. 15 лютага 2016-га Савет ЕС прыняў рашэнне зняць абмежавальныя меры супраць 170 фізічных асоб і чатырох кампаній пры захаванні эмбарга на пастаўкі зброі і санкцый у дачыненні да чатырох асоб.
БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239