Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/02/25/944275_558964/
Дата раздрукоўкі: 28.05.2020 19:03
25.02.2018 10:55 Эканоміка

У Кіеве пройдзе маштабная выстава Made in Belarus

Мінск, 25 лютага. З 11 па 14 красавіка ў Кіеве пройдзе выстава беларускіх вытворцаў Made in Belarus, якая будзе самым маштабным выставачным мерапрыемствам Беларусі ва Украіне за апошнія некалькі гадоў, паведамілі БелаПАН ва ўнітарным прадпрыемстве "Белінтэрэкспа" Беларускай гандлёва-прамысловай палаты.

У найбуйнейшым выставачным комплексе Украіны — кіеўскім Міжнародным выставачным цэнтры — будуць прэзентаваныя вядучыя беларускія брэнды ў сферах машынабудавання і нафтахіміі, транспарту і лагістыкі, сельскай гаспадаркі і вытворчасці прадуктаў харчавання, дрэваапрацоўкі і выпуску будаўнічых матэрыялаў, лёгкай прамысловасці, медыцыны і фармацэўтыкі, інфармацыйных тэхналогій, турызму.

Так, на калектыўным стэндзе канцэрна "Белнафтахім" будуць прадстаўленыя яго падведамныя прадпрыемствы "Гродна Азот", "Нафтан", "Магілёўхімвалакно", Завод горнага воску, Гомельскі хімічны завод.

Легкавыя і грузавыя шыны прэзентуе ТАА "Украінскі гандлёвы дом "Белшына".

Кар'ерныя самазвалы прадставіць "БелАЗ — кампанія-кіраўнік холдынга "БелАЗ-Холдынг". Сёння ва Украіне працуюць больш за дзве тысячы кар'ерных самазвалаў маркі "БелАЗ" — больш за 90% усяго парку кар'ерных самазвалаў краіны.

Газавыя, газаэлектрычныя і электрычныя пліты, убудаваную тэхніку, паветраачышчальнікі гандлёвай маркі Gefest прадэманструе СП ААТ "Брэстгазаапарат".

Стартары і генератары для рухавікоў аўтамабіляў, аўтобусаў, сельскагаспадарчай тэхнікі і спецтэхнікі гатовыя прапанаваць украінскаму рынку ААТ "БАТЭ" — кампанія-кіраўнік холдынга "Аўтакампаненты".

Прыборы начнога бачання, біноклі, аптычныя дэталі (прызмы, лінзы, люстэркі), сігнальныя і пробліскавыя маякі прадэманструе рагачоўскі завод "Дыяпраектар".

Розныя віды пражы і вырабы з трыкатажу прэзентуе ААТ "Пінскае прамыслова-гандлёвае аб'яднанне "Палессе".

Сваю прадукцыю на выставе таксама пакажуць ААТ "Шчучынскі масласырзавод", ААТ "Дзятлаўскі сыраробны завод", УП "Мінскі холадакамбінат № 2", Мінскі завод вінаградных вінаў.

Прыём заявак на ўдзел у выставе Made in Belarus у Кіеве працягваецца.

Арганізатарам выставы выступае Беларуская гандлёва-прамысловая палата, выставачным аператарам — выставачнае ўнітарнае прадпрыемства "Белінтэрэкспа". Экспазіцыя арганізуецца пры падтрымцы пасольства Рэспублікі Беларусь ва Украіне і Гандлёва-прамысловай палаты Украіны.

Першая выстава такога фармату прайшла ў жніўні 2017 года ў Астане (Казахстан). Мерапрыемства атрымалася маштабным: удзел у ім узялі больш за 70 айчынных кампаній. У цырымоніі адкрыцця Made in Belarus удзельнічалі прэм'ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў і прэм'ер-міністр Казахстана Бакытжан Сагінтаеў. Непасрэдна падчас выставы было заключана больш за 30 дагавораў і пагадненняў аб намерах. Гэта кантракты на пастаўку ў Казахстан беларускіх трактароў (3.000 шт.), пагрузчыкаў (не менш за 50 адзінак больш як на 2 млн долараў), ювелірных вырабаў, прадуктаў харчавання.
Марына Носава, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239