Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/02/26/944671_558963/
Дата раздрукоўкі: 03.06.2020 16:20
26.02.2018 12:26 Эканоміка, Грамадства

Сярэдняя зарплата ў Мінску ў студзені 2018 года знізілася амаль на 13% у параўнанні са снежнем

Мінск, 26 лютага. У Мінску налічаная сярэдняя зарплата ў студзені 2018 года склала 1.188,7 рубля, што на 171,7 рубля, або на 12,6%, менш, чым у снежні 2017 года, сведчаць звесткі афіцыйнай статыстыкі.

У лістападзе 2017 года рост зарплаты склаў 60 капеек, у кастрычніку — 14,2 рубля пасля падзення на працягу трох месяцаў. У снежні сярэдняя зарплата павысілася на 208,5 рубля да 1.360,4.

Пры гэтым рэальная зарплата (з улікам росту цэн) у студзені 2018 года ў параўнанні са студзенем 2017-га вырасла на 10%, паведамляе галоўнае статыстычнае ўпраўленне сталіцы.

Самую вялікую зарплату ў Мінску па-ранейшаму атрымліваюць IT-спецыялісты. У студзені 2018 года сярэдняя зарплата работнікаў, дзейнасць якіх звязаная з інфармацыйнымі тэхналогіямі, склала 3.844,8 рубля. У ліку найбольш высокааплатных таксама работнікі: паветранага транспарту — 2.226,4 рубля; фінансавага і страхавога сектара — 2.050,7; хімічнай прамысловасці — 1.750,7; тэлекамунікацыйнай сферы — 1.611,5; аптавікі — 1.435,9; нафтаперапрацоўшчыкі — 1.400; архітэктары, бухгалтары, юрысты — 1.347,4; навукоўцы — 1.209,5; энергетыкі — 1.157,7; работнікі фармацэўтычнай прамысловасці — 1.133,9; спецыялісты па рамонце машын і абсталявання — 1.118,6 рубля.

Самая нізкая зарплата ў сталіцы была ў сацыяльных работнікаў (597,9 рубля) і работнікаў бібліятэк, архіваў, музеяў (559,5 рубля).

У студзені 2018 года ў сталічнай прамысловасці сярэдняя зарплата склала 1.022,6 рубля; у будаўніцтве — 1.035,5; сельскай, лясной і рыбнай гаспадарцы — 1.036,9; рознічным гандлі — 969,7; у адукацыі — 720. Сярэдняя зарплата работнікаў аховы здароўя склала 802,7 рубля.

Паводле звестак Белстата, найбольшая сярэднямесячная налічаная зарплата работнікаў сярод рэгіёнаў традыцыйна была ў Мінску, найменшая — у Магілёўскай вобласці (723,9). У Брэсцкай вобласці сярэдняя зарплата склала 730,7 рубля, у Віцебскай — 734,8, Гомельскай — 783,6, Гродзенскай — 729,6, Мінскай — 874,6.

Як адзначаюць эксперты, значная розніца паміж сярэдняй зарплатай у сталіцы і рэгіёнах звязаная з тым, што ў Мінску сканцэнтраваныя асноўныя фінансавыя рэсурсы, банкі, вышэйшыя кіраўніцкія кадры, шмат аптовых і IT-кампаній, моцна развітая сфера паслуг і працуе вялікая колькасць прадпрымальнікаў.

Раней эксперты выказвалі меркаванне, што студзеньская зарплата сёлета будзе істотна ніжэйшай за снежаньскую. "У снежні зарплата была павышаная адміністрацыйным чынам, і ў студзені, хутчэй за ўсё, мы ўбачым значнае зніжэнне сярэдняй зарплаты. Снежаньскі скачок зарплат істотна перавысіў рост прадукцыйнасці працы, таму дасягнуты ўзровень не можа быць устойлівым", — адзначыў БелаПАН дырэктар Даследчага цэнтра ІПМ Аляксандр Чубрык. На яго думку, намінальная зарплата (з улікам афіцыйна прагназаванай інфляцыі ў 6%) можа вырасці прыкладна на 10%.
Марына Носава, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239