Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/02/26/944706_12345/
Дата раздрукоўкі: 03.06.2020 15:32
26.02.2018 15:08 Грамадства, Эканоміка

З-за новаўвядзенняў у заканадаўстве шэраг прыватных перавозчыкаў з 26 лютага адмянілі міжгароднія рэйсы

Мінск, 26 лютага. Некаторыя прыватныя перавозчыкі ў Беларусі адмяняюць рэйсы па міжгародніх маршрутах з-за новых правілаў працы, якія набылі моц 26 лютага.

Паводле змен у закон "Аб аўтамабільным транспарце і аўтамабільных перавозках" прыватныя перавозчыкі абавязаныя заключаць дагаворы з дзяржаўным аператарам і працаваць праз вакзалы. Каб абслугоўваць маршруты, яны павінны ўдзельнічаць у конкурсах, плаціць перонныя зборы, усталёўваць сістэмы навігацыі і выконваць шэраг іншых умоў. За парушэнне закона ў першы раз прадугледжаны штраф, затым можа быць канфіскаваная машына. Улады тлумачаць неабходнасць новаўвядзенняў у першую чаргу клопатам пра бяспеку пасажыраў.

Перавозчыкі тым часам не разумеюць, як працаваць у новых умовах, і адмяняюць рэйсы. Напрыклад, з сённяшняга дня не працуюць "марушруткі" "Полацкі экспрэс" і "Заходняя губерня", якія штодня здзяйснялі дзясяткі рэйсаў з Мінска ў Полацк і Наваполацк і назад. Адмененыя некаторыя рэйсы па кірунку на Столін, Слуцк, Капыль і Лепель.

Перавозчыкі накіравалі калектыўны зварот міністру транспарту і камунікацый Анатолю Сіваку. Яны просяць растлумачыць, як ім далей працаваць, і пытаюцца, чаму не было грамадскіх абмеркаванняў новага закона, а таксама абароннага перыяду пры яго рэалізацыі. Пад зваротам падпісалася больш за 200 чалавек.

"Для нас не праблема прыехаць на вакзал і загружацца. Мы гатовыя гэта зрабіць і плаціць перонныя зборы і гэтак далей. Але мы хочам і прапануем зрабіць так, каб рынак фармаваў расклад і колькасць выездаў. Мы хочам, каб не было конкурсу на маршрут, таму што гэта, па-першае, ліквідуе карупцыю, а, па-другое, адбываецца канкурэнцыя, натуральны адбор. У выніку адбываецца манапалізацыя рынку. Атрымліваецца, будзе адзіны аператар у асобе дзяржавы, які не дае развівацца прыватным перавозчыкам", — сказаў у каментары БелаПАН кіраўнік перавозчыка "Полацкі экспрэс" Дзмітрый Навіцкі.

Яго калега з "Заходняй губерні" Уладзімір Вайткевіч перакананы, што дзяржава проста хоча "падціснуць рынак пад сябе", а для пасажыраў новыя правілы перавозак азначаюць павелічэнне коштаў на квіткі і часу перавозкі. Так, калі раней з Полацка ў Мінск можна было заехаць за тры-чатыры гадзіны за сем рублёў, то цяпер спатрэбіцца чатыры з паловай гадзіны і 24 рублі, прыводзіць прыклад Вайткевіч.

Прыватныя перавозчыкі таксама прагназуюць з'яўленне на рынку "шэрых" перавозчыкаў, ад якіх не выйграе ні дзяржава, ні пасажыры.

"Я лічу, што ў нас стопрацэнтная бяспека пасажыраў, — падкрэсліў Навіцкі. — Усе аўтобусы праходзяць тэхнічны агляд, штодзённы перадрэйсавы агляд. Усе вадзіцелі маюць медыцынскія даведкі. Ні адзін кіраўнік не будзе рызыкаваць браць кіроўцу без меддаведкі альбо ў нецвярозым стане. Таму што гэта ў першую чаргу нашы інтарэсы і наш транспарт. А калі нешта адбываецца на дарозе, то гэта справа выпадку, ніхто ад гэтага не застрахаваны".

Перавозчыкі чакаюць тлумачэнняў ад уладаў і прапануюць адправіць закон на дапрацоўку, а таксама правесці яго грамадскае абмеркаванне.
Аляксандр Ярашэвіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239