Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/02/27/944817_557846/
Дата раздрукоўкі: 14.11.2018 22:49
27.02.2018 11:58 Грамадства

Лукашэнка: Узнікаюць сумненні ў аб'ектыўнасці радаснай карціны барацьбы са злачыннасцю

Мінск, 27 лютага. Аляксандр Лукашэнка на пасяджэнні Савета бяспекі 27 лютага запатрабаваў ад праваахоўных органаў не захапляцца ведамаснай статыстыкай, выкарыстоўваць яе для аналізу, але не для самазаспакаення. "Неабходна бачыць рэальныя праблемы, а не маніпуляваць лічбамі", — цытуе кіраўніка дзяржавы яго прэс-служба.

Дэклараванае зніжэнне крымінальных праяў на 7% за год Лукашэнку насцярожвае. "Магчыма, у нас хутка наогул злачыннасці не будзе? Узнікаюць сумненні ў аб'ектыўнасці гэтай радаснай карціны, хоць міністр мне ўвесь час гаворыць, што яго мэта — выключыць гэтую "палачную" статыстыку. Так павінна і быць. Патрэбны вынік", — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Лукашэнка зноў адзначыў хібы ў барацьбе з карупцыяй. "На жаль, не ўсе праваахоўныя органы працуюць эфектыўна. Паборы, адкаты, падарункі, махінацыі з бюджэтнымі сродкамі да гэтага часу не зжытыя ў Беларусі", — сказаў ён і даручыў міністру ўнутраных спраў і генеральнаму пракурору грунтоўна праінфармаваць па гэтых пытаннях.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што важную задачу па ахове грамадзян вырашаюць органы і падраздзяленні па надзвычайных сітуацыях. "Дзяржава накіроўвае значныя сродкі на падрыхтоўку прафесійных кадраў і матэрыяльнае забеспячэнне ведамства, — сказаў Лукашэнка. — Неабходная адпаведная аддача, рацыянальнае і мэтанакіраванае выкарыстанне фінансавых сродкаў. Вы кожны дзень знаходзіцеся на пярэднім краі барацьбы за бяспеку людзей. Міністра Уладзіміра Вашчанку прашу аб'ектыўна праінфармаваць, якія меры прымаюцца для паляпшэння якасці працы органаў па надзвычайных сітуацыях".

Лукашэнка запатрабаваў канкрэтных прапаноў ад членаў Савета бяспекі па ўсіх названых пытаннях. "Ніякіх самасправаздач. У агульных рысах — што зроблена. А галоўнае — што не ўдалося зрабіць і што будзем рабіць, якія меры трэба надалей прыняць. Нам трэба тут, на пасяджэнні Савета бяспекі, выявіць самыя небяспечныя тэндэнцыі ўнутранай бяспекі нашай краіны і дамовіцца аб мерах, якія мы павінны прыняць, — заявіў беларускі кіраўнік. — Таму ніякай самасправаздачнасці і самалюбавання, што вы нечага тут дасягнулі. Дасягнулі — добра. Зараз давайце думаць, як далей будзем рухацца".
Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2018 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН