Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/02/27/944829_258963/
Дата раздрукоўкі: 14.11.2018 22:38
27.02.2018 12:38 Грамадства

Лукашэнка выказаў сумненні ў аб'ектыўнасці "радаснай карціны барацьбы са злачыннасцю"

Мінск, 27 лютага. На пасяджэнні Савета бяспекі 27 лютага Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў ад праваахоўных органаў не захапляцца ведамаснай статыстыкай, выкарыстоўваць яе для аналізу, але не для самазаспакаення.
"Неабходна бачыць рэальныя праблемы, а не маніпуляваць лічбамі", — цытуе Лукашэнку прэс-служба прэзідэнта.

Дэклараванае зніжэнне крымінальных праяў на 7% за год Лукашэнку насцярожвае. "Магчыма, у нас хутка наогул злачыннасці не будзе? Узнікаюць сумненні ў аб'ектыўнасці гэтай радаснай карціны, хоць міністр мне ўвесь час гаворыць, што яго мэта — выключыць гэтую "палачную" статыстыку. Так павінна і быць. Патрэбны вынік", — сказаў ён.

Лукашэнка, у прыватнасці, адзначыў хібы ў барацьбе з карупцыяй. "На жаль, не ўсе праваахоўныя органы працуюць эфектыўна. Паборы, адкаты, падарункі, махінацыі з бюджэтнымі сродкамі да гэтага часу не зжытыя ў Беларусі", — сказаў ён.

Прэзідэнт таксама адзначыў, што дзяржава рэалізуе цэлы комплекс мер па барацьбе з незаконным абаротам наркотыкаў і супрацьдзеянні наркаманіі, МУС інфармуе пра паспяховую працу ў гэтым кірунку. Аднак ці не працуюць адпаведныя падраздзяленні ўнутраных спраў выключна на статыстыку, пацікавіўся ён.

"Мы змагаемся супраць наркаманаў, а дзе тыя, якія сёння партыямі пастаўляюць гэтую наркату ў Беларусь? Вось хто галоўны злачынец, — падкрэсліў Лукашэнка. — Калі ёсць клопат толькі пра паказчыкі, ніякай гаворкі аб эфектыўнай ліквідацыі каналаў паступлення наркотыкаў у краіну ісці не можа. Вядома, нашмат лягчэй атрымаць хуткі вынік за кошт "драбніцаў", а сітуацыя на самай справе будзе толькі пагаршацца". "Ці не хаваецца за дасягнутымі поспехамі барацьба з дробнымі збытчыкамі наркотыкаў або тымі, хто сеў на гэтую іголку?" — дадаў ён.

Лукашэнка таксама запатрабаваў узмацніць пакаранні за правапарушэнні, учыненыя ў нецвярозым стане.

Асаблівую трывогу, паводле яго слоў, выклікаюць трагічныя здарэнні, у тым ліку на дарогах, якія здзяйсняюцца пад уздзеяннем алкаголю. Магчыма, варта і больш узважана падыходзіць да выдачы пасведчання кіроўцы. "Пры падрыхтоўцы кіроўцаў трэба рабіць больш жорсткай адказнасць. Але асабліва за тое, калі ты п'яны сеў за руль", — заявіў кіраўнік дзяржавы.

"Павінны быць жорсткія меры адказнасці, пачынаючы ад з'яўлення ў нецвярозым стане ў грамадскіх месцах там, дзе не павінен з'яўляцца, і заканчваючы, калі ты сеў у аўтамабіль і забіў чалавека", — падкрэсліў Лукашэнка.

Паводле яго слоў, МУС ужо некалькі разоў прапаноўвала ўвесці забароны і абмежаванні ў гандлі спіртнымі напоямі. "Хацелася б пачуць пазіцыю ўрада з гэтай нагоды і канкрэтныя прапановы, як вырашаць праблему п'янства. Я не прыхільнік усялякіх забарон, і, хутчэй за ўсё, ніякія забароны дадаткова на рэалізацыю спіртнога і гэтак далей мы ўводзіць не будзем", — дадаў Лукашэнка.

Любую забарону, паводле яго слоў, заўсёды можна абысці, прычым гэта можа толькі пагоршыць сітуацыю. Не дапаможа і павышэнне ўзросту продажу алкаголю да 21 года, перакананы Лукашэнка. "Так, не трэба прадаваць спіртное ля школ і гэтак далей, нельга прадаваць на аўтобусных прыпынках. Мы прынялі гэтыя рашэнні. Засталося толькі забараніць алкаголь наогул — але мы таксама гісторыю памятаем. Гэта пры нашым жыцці было, калі забаранілі алкаголь. Да чаго гэта прывяло?" — задаў пытанне кіраўнік дзяржавы.

Ён адзначыў, што чакае прапаноў ад пракурора і Адміністрацыі прэзідэнта. "Трэба разбірацца з такімі з'явамі. П'янства — гэта самая страшная сёння праблема грамадства. Ва ўсіх сацыялагічных апытаннях насельніцтва ўжо на першае месца ставіць п'янства. Асобна трэба паглядзець на гэтую праблему з боку закону, прыняцця мер маральнай і іншай адказнасці", — даручыў Лукашэнка.
БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2018 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН