Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/02/27/944945_944946/
Дата раздрукоўкі: 22.10.2018 13:39
27.02.2018 18:58 Палітыка, Эканоміка, Культура

Лукашэнка абмеркаваў з Парашэнкам па тэлефоне актуальныя пытанні двухбаковага супрацоўніцтва

Мінск, 27 лютага. 27 лютага адбылася тэлефонная размова Аляксандра Лукашэнкі з прэзідэнтам Украіны Пятром Парашэнкам.

Як паведамляе прэс-служба прэзідэнта Беларусі, "кіраўнікі дзяржаў абмеркавалі развіццё гандлёва-эканамічных адносін, адзначыўшы іх актывізацыю і станоўчую дынаміку па выніках мінулага года, і выказалі нацэленасць на далейшае пашырэнне ўзаемадзеяння ў эканоміцы".

Асобна Лукашэнка і Парашэнка абмеркавалі ход падрыхтоўкі да I Беларуска-ўкраінскага форуму, які плануецца правесці ў Гомелі ў кастрычніку гэтага года. "Ужо сёння дасягнутыя дамоўленасці аб форме правядзення гэтага мерапрыемства", — паведамляе прэс-служба.

Яшчэ адной тэмай размовы стала развіццё ўзаемадзеяння ў сферы культуры. У прыватнасці, кіраўнікі дзяржаў абмеркавалі правядзенне Дзён культуры Украіны і ў цэлым удзел украінскіх артыстаў у шэрагу папулярных беларускіх фестываляў, такіх як "Славянскі базар", "Александрыя збірае сяброў".

Нагадаем, апошняя сустрэча Лукашэнкі з Парашэнкам прайшла 2 лістапада 2017 года ў Абу-Дабі (ААЭ), дзе беларускі кіраўнік знаходзіўся з рабочым візітам. Тады Лукашэнка заяўляў, што ў гандлёва-эканамічных адносінах краіны "вельмі актыўна супрацоўнічаюць". "Наш тавараабарот ужо, нягледзячы на рознага роду праблемы і перашкоды, склаў больш за 3 млрд долараў, напэўна, дзесьці 3,5 млрд долараў будзе на сённяшні дзень. Але ў нас ёсць вельмі добрая магчымасць пашырыць супрацоўніцтва за кошт узаемадзеяння рэгіёнаў", — адзначыў Лукашэнка. Ён выказаў упэўненасць, што новы імпульс развіццю адносін паміж краінамі дасць першы форум рэгіёнаў Беларусі і Украіны ў Гомелі.

"Што тычыцца палітычнага ўзаемадзеяння, то ў нас увогуле праблем няма. Мы абсалютна ідзем тым курсам, па якім дамовіліся ісці", — падкрэсліў Лукашэнка.
БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2018 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН