Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/02/27/944971_944972/
Дата раздрукоўкі: 25.01.2020 12:16
27.02.2018 20:53 Эканоміка

Прэзідыум Саўміна разгледзеў ход выканання даручэнняў прэзідэнта па развіцці Аршанскага раёна

Мінск, 27 лютага. Ход выканання даручэнняў кіраўніка дзяржавы па развіцці Аршанскага раёна разгледжаны 27 лютага ў Мінску на пасяджэнні прэзідыума Савета міністраў пад старшынствам прэм'ер-міністра Андрэя Кабякова.

За мінулы год "удалося дамагчыся станоўчых зрухаў", цытуе Кабякова прэс-служба ўрада. Так, аб'ём прамысловай вытворчасці ў супастаўных умовах у 2017 годзе склаў 102% да ўзроўню папярэдняга года, валавая прадукцыя сельскай гаспадаркі — 107,6%, экспарт тавараў — 105,2%, рэальная зарплата — 105,6%. Па выніках года атрыманы чысты прыбытак 35,3 млн рублёў (у 2016 годзе была чыстая страта 1,7 млн рублёў).

Кіраўнік урада таксама паведаміў, што ў 2017 годзе завершаны другі этап мадэрнізацыі Аршанскага льнокамбіната, здадзены ў эксплуатацыю лячэбны корпус бальніцы імя Сямашкі, разгорнута будаўніцтва мультымадальнага прамыслова-лагістычнага комплексу ў Балбасаве, вядзецца падрыхтоўка новых праектаў.

Паводле слоў прэм'ера, для комплекснага вырашэння праблем Аршанскага раёна падрыхтавана і зацверджана праграма яго сацыяльна-эканамічнага развіцця да 2020 года, у якой, у прыватнасці, "вылучаныя пункты росту, прыярытэты і асноўныя параметры развіцця". Складзены пералік найважнейшых інвестпраектаў. Праведзена інвентарызацыя аб'ектаў нерухомасці, якія не выкарыстоўваюцца альбо выкарыстоўваюцца неэфектыўна, і вызначаны спосабы ўключэння ў абарот кожнага з іх.

Як адзначыў Кабякоў, выконваецца комплексны план мер па развіцці Аршанскага раёна. "Гэты план не догма. У працэсе працы з'яўляюцца новыя пытанні. Таму ён дапаўняецца, карэктуецца", — патлумачыў прэм'ер. У сённяшняй, трэцяй рэдакцыі плана ўлічаны палажэнні праграмы да 2020 года, дадаў ён. У плане вызначаны асноўныя параметры развіцця раёна ў параўнанні з сярэднеабласнымі. Па кожным з іх раён павінен да 2020 года перавысіць узровень вобласці, сказаў Кабякоў.

Паводле яго слоў, у план уключаны пералік інвестыцыйных праектаў. У кожным рэспубліканскім органе кіравання, Віцебскім аблвыканкаме і Аршанскім райвыканкаме замацаваны канкрэтны кіраўнік, які каардынуе працу па развіцці раёна. Па большасці мерапрыемстваў закладзены колькасныя вынікі іх рэалізацыі, падрабязна распісаны этапы выканання. У плане вызначана сістэма кантролю за яго выкананнем.

"Гэты план становіцца і будзе адзіным комплексам мерапрыемстваў па развіцці раёна на рэспубліканскім узроўні. Пры чарговай карэкціроўцы ў яго будуць уключаны ўсе рашэнні сённяшняга пасяджэння і мінулага прэзідыума. Такі падыход дазваляе больш сістэмна падысці да пытанняў раёна і арганізаваць дзейсны кантроль за прынятымі рашэннямі", — адзначыў прэм'ер-міністр.

Ён паведаміў, што задачы комплекснага плана па развіцці Аршанскага раёна дэталізаваны і канкрэтызаваны ў галіновых і рэгіянальных планах.
БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН