Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/02/28/944990_557489/
Дата раздрукоўкі: 22.10.2018 13:43
28.02.2018 11:15 Эканоміка, Фінансы

Саўмін зацвердзіў сярэднетэрміновую фінансавую праграму рэспубліканскага бюджэту на 2018—2020 гады

Мінск, 28 лютага. Савет міністраў пастановай № 152 ад 26 лютага зацвердзіў сярэднетэрміновую фінансавую праграму рэспубліканскага бюджэту на 2018—2020 гады.

Як паведамляе прэс-служба ўрада, праграма вызначае асноўныя параметры эканамічнага развіцця і найважнейшыя грашова-крэдытныя паказчыкі Беларусі, ліміт дзяржаўнага доўгу, асноўныя параметры рэспубліканскага бюджэту і межавыя аб'ёмы расходаў рэспубліканскага бюджэту па дзяржаўных праграмах і падпраграмах (без уліку дзяржаўнай інвестыцыйнай праграмы).

Праграмай закладзеныя аб'ёмы валавога ўнутранага прадукту (ВУП) на 2018 год — 112 млрд 560,5 млн рублёў, на 2019 год — 121 млрд 897,6 млн, на 2020 год — 131 млрд 422,7 млн. Рост ВУП у 2018 годзе запланаваны ў 1,2%, у 2019-м — 1,4%, у 2020-м — 2%. Дынаміка зніжэння стаўкі рэфінансавання вызначаная: да 9,5% — на канец 2019 года, 9% — на канец 2020 года.

Традыцыйна найбольшы аб'ём фінансавання па дзяржаўных праграмах і падпраграмах мяркуецца накіраваць у сферы аховы здароўя і адукацыі (дзяржпраграма "Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека Рэспублікі Беларусь": 1 млрд 237 млн у 2018-м, 1 млрд 416,9 млн у 2019-м і 1 млрд 396 млн рублёў у 2020 годзе; дзяржпраграма "Адукацыя і маладзёжная палітыка": 813 млн у 2018-м, 1 млрд 17,6 млн у 2019-м, 1 млрд 181 млн у 2020-м).

Дакументам устаноўлена, што рэалізацыя фінансавай праграмы павінна ажыццяўляцца з улікам наступных мер бюджэтна-падатковай палітыкі: падатковая нагрузка на эканоміку на ўзроўні, які не перавышае 26% ад ВУП; захаванне нарматываў адлічэнняў ад рэспубліканскіх падаткаў у бюджэты ўсіх узроўняў, калі іншае не ўстаноўленае заканадаўчымі актамі; забеспячэнне збалансаванасці рэспубліканскага і мясцовых бюджэтаў у межах наяўных даходаў і крыніц фінансавання дэфіцыту (памеру прафіцыту) бюджэту; абмежаванне расходаў рэспубліканскага бюджэту ў мэтах фармавання прафіцыту для пагашэння часткі дзяржаўнага доўгу; выкананне не менш як 25% абавязацельстваў па пагашэнні дзярждоўгу ў адпаведным фiнансавым годзе за кошт недаўгавых крыніц.

Прадугледжанае таксама павышэнне эфектыўнасці кіравання дзяржфінансамі, у тым ліку за кошт адміністравання даходаў рэспубліканскага і мясцовых бюджэтаў, прымянення нарматыўных метадаў бюджэтнага планавання.
БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2018 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН