Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/02/28/944999_945000/
Дата раздрукоўкі: 15.06.2021 06:36
28.02.2018 12:31 Грамадства

Ініцыятар петыцыі аб перадачы Мінюсту паўнамоцтваў ДВП МУС Людміла Кучура сцвярджае, што на яе мужа ў магілёўскай ПК-15 распачаўся націск

Мінск, 28 лютага. Грамадская актывістка Людміла Кучура, ініцыятар збору подпісаў пад петыцыяй аб перадачы Мінюсту паўнамоцтваў дэпартамента выканання пакаранняў МУС, сцвярджае, што на яе мужа, які адбывае пакаранне ў папраўчай калоніі № 15 (Магілёў), распачаўся націск.

Петыцыя была апублікаваная на сайце petitions.by ў пачатку лютага. Неўзабаве пасля гэтага начальства ПК-15 выклікала яе мужа Пятра Кучуру на гутарку — іх абурыла змешчаная ў петыцыі інфармацыя пра факты смерцяў у магілёўскай калоніі. Кіраўнікі калоніі ўпэўненыя, што гэта Кучура перадаў жонцы такую інфармацыю. "Пятру пагражалі, што ён будзе пад асаблівым кантролем, на яго будуць складаць рапарты, і ў выпадку пераводу ў іншую калонію яму дадуць такую характарыстыку, што мала не падасца", — расказала Людміла Кучура праваабарончаму сайту spring96.org.

Першы рапарт, паводле яе слоў, быў складзены на мінулым тыдні. "Муж паведаміў, што яму вынеслі надуманае спагнанне за тое, што нібыта ён захоўваў у сябе забаронены прадмет — самаробны кіпяцільнік. Натуральна, што ў яго ніякага самаробнага кіпяцільніка не было. Кіпяцільнік, якім ён карыстаецца, быў набыты ў краме і адпавядае пункту 16 дадатку № 3 да правіл унутранага распарадку папраўчых устаноў", — сцвярджае актывістка.

Яна перакананая, што гэта правакацыя. "Такія сцэнарыі кіраўніцтва калоніі ўжо выкарыстоўвала ў дачыненні да майго мужа ў 2013 годзе, калі яго абвінавацілі ў перадачы журналістам спіса пабораў з асуджаных і іх сваякоў. Тады ў яго было восем спагнанняў, пасля — накіраванне ў штрафны ізалятар, дзе яго труцілі хлёркай, а затым — перавод у турму № 4", — паведаміла Кучура.

Жанчына баіцца, што спагнанні, якія прымяняюцца да яе мужа, могуць стаць інструментам маніпуляцыі пры разглядзе пытання аб яго ўмоўна-датэрміновым вызваленні.

26 лютага Людміла Кучура накіравала начальніку ДВП МУС Алегу Маткіну скаргу на незаконнае спагнанне з просьбай правесці ўсебаковую аб`ектыўную праверку па гэтым факце, апытаўшы пры гэтым самога асуджанага, і запрасіць яе для абмеркавання вынікаў праверкі.

"Сітуацыя з асуджаным Пятром Кучурам, на думку праваабаронцаў, выразна пацвярджае: ва ўмовах, калі зняволеныя не маюць эфектыўных сродкаў для аднаўлення сваіх парушаных правоў, іх надзеі на паляпшэнне сітуацыі звязаныя толькі з шырокай, лепш — міжнароднай агалоскай злоўжыванняў адміністрацый папраўчых устаноў", — падкрэслівае праваабарончы рэсурс.

Кампанія па зборы подпісаў за перадачу пенітэнцыярнай сістэмы ў падначаленне Мінюста стартавала 1 лютага. Як лічаць аўтары петыцыі, "перадача пенітэнцыярнай сістэмы Міністэрству юстыцыі можа змяніць сітуацыю: кіраваць папраўчымі ўстановамі стануць цывільныя людзі, якія не знаходзяцца ў падпарадкаванні сістэмы МУС, што прызначаная для выкрывання і затрымання злачынцаў, а не для іх выпраўлення".

Гэтае меркаванне падтрымліваюць праваабаронцы. У справаздачы "Рэспубліка Беларусь: месцы несвабоды. 2017", прэзентацыя якога адбылася 18 студзеня, змяшчаецца рэкамендацыя вывесці папраўчыя ўстановы і СІЗА з сістэмы МУС. "Знаходжанне месцаў пазбаўлення волі і следчых ізалятараў у сістэме МУС не дазваляе размежаваць функцыі крымінальнага пераследу і выканання пакаранняў, забяспечыць недатыкальнасць абвінавачаных, якія знаходзяцца пад вартай", — лічаць праваабаронцы.
БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2021 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239