Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/02/28/945048_987102/
Дата раздрукоўкі: 06.12.2019 07:12
28.02.2018 14:30 Палітыка, Грамадства

Мінгарвыканкам забараніў праводзіць 25 сакавіка шэсце і мітынг з нагоды 100-годдзя БНР

Мінск, 28 лютага. Улады Мінска забаранілі праводзіць 25 сакавіка шэсце і мітынг з нагоды 100-годдзя абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі. Арганізатары мерапрыемстваў склікаюць экстранную прэс-канферэнцыю, на якой раскажуць пра свае далейшыя дзеянні.
Адказ Мінгарвыканкама размясціў на сваёй старонцы ў "Фэйсбуку" член аргкамітэта па святкаванні 100-годдзя БНР старшыня руху "За Свабоду" Юрый Губарэвіч.

У ім адзначаецца, што пададзеная заяўка не адпавядае патрабаванням закона аб масавых мерапрыемствах. Так, сярод заяўнікаў ёсць асобы, якія на працягу года парушалі парадак арганізацыі масавых мерапрыемстваў. У лісце, у прыватнасці, названая Вольга Кавалькова (сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя").

Мінгарвыканкам таксама адзначае, што згодна з заканадаўствам арганізатары не маюць права абвяшчаць у СМІ і інтэрнэце дату, месца і час мерапрыемства да атрымання дазволу ўладаў на яго правядзенне. "Звяртаем увагу, што гэты артыкул закона быў неаднаразова парушаны шляхам размяшчэння на інтэрнэт-сайтах тэматычных паведамленняў, інтэрв'ю, заклікаў да ўдзелу ў сродках масавай інфармацыі", — гаворыцца ў адказе гарвыканкама.

Акрамя таго, месца збору ўдзельнікаў і правядзення мерапрыемстваў, як і маршрут дэманстрацыі, не адпавядаюць патрабаванням закона і рашэнню Мінгарвыканкама "Аб вызначэнні ў горадзе Мінску месцаў для правядзення масавых мерапрыемстваў", інфармуе гарвыканкам.

Заяўка на правядзенне вулічнай акцыі ў дзень абвяшчэння БНР, 25 сакавіка, была пададзеная ў Мінгарвыканкам 25 студзеня. Яе падпісалі прадстаўнікі 13 партый і арганізацый, якія ўваходзяць у аргкамітэт па правядзенні акцыі. Заяўнікі прасілі Мінгарвыканкам дазволіць не толькі традыцыйную дэманстрацыю і мітынг, але і канцэрт у цэнтры горада.

Пра свае далейшыя дзеянні арганізатары святкавання 100-годдзя БНР раскажуць журналістам на экстраннай прэс-канферэнцыі, якая павінна пачацца ў 15.00.
БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН