Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/02/28/945069_12345/
Дата раздрукоўкі: 19.08.2019 12:44
28.02.2018 15:44 Грамадства, Палітыка

У Мінгарвыканкам пададзеная новая заяўка на правядзенне 25 сакавіка мітынгу і канцэрта каля Опернага тэатра

Мінск, 28 лютага. У Мінгарвыканкам пададзеная новая заяўка на правядзенне 25 сакавіка каля Опернага тэатра мітынгу і канцэрта з нагоды 100-годдзя Беларускай Народнай Рэспублікі, паведаміў на прэс-канферэнцыі 28 лютага лідар Аб`яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька.
Згодна з новай заяўкай, збор удзельнікаў пачнецца ў 13.00 каля Опернага тэатра, з 14 да 19 гадзін там павінен адбыцца канцэрт, на які плануюць запрасіць у тым ліку Лявона Вольскага і Зміцера Вайцюшкевіча.

Паводле слоў Лябедзькі, прапанова правесці мерапрыемства каля Опернага тэатра зыходзіла ад Мінгарвыканкама. Фармат акцыі абмяркоўваўся 28 лютага на сустрэчы прадстаўнікоў аргкамітэта па святкаванні 100-годдзя БНР з гарадскімі ўладамі. Абмяркоўвалася, у прыватнасці, магчымасць арганізацыі грамадскага харчавання, а таксама ўстаноўка памятнага знака ў гонар 100-годдзя БНР.

Заяўнікі прапанавалі Мінгарвыканкаму дазволіць шэсце ад Купалаўскага сквера да пляцоўкі перад Оперным тэатрам. Мінгарвыканкам абяцаў даць адказ на працягу пяці дзён.

Паводле слоў аднаго з арганізатараў Паўла Белавуса, улады далі зразумець, што адказ наконт канцэрта будзе станоўчы.

Першая заяўка на правядзенне вулічнай акцыі ў Дзень Волі была пададзеная ў Мінгарвыканкам 25 студзеня. Яе падпісалі прадстаўнікі 13 партый і арганізацый. Заяўнікі прасілі дазволіць правядзенне дэманстрацыі, мітынгу і канцэрта ў цэнтры горада. Сталічныя ўлады забаранілі святкаванне ў такім фармаце. Сваё рашэнне яны абгрунтавалі тым, што заяўнікі дапусцілі шэраг парушэнняў заканадаўства аб масавых мерапрыемствах.
Арцём Мартыновіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН