Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/03/01/945248_12345/
Дата раздрукоўкі: 03.06.2020 03:45
01.03.2018 15:07 Эканоміка

Набыў моц тэхрэгламент ЕАЭС аб абмежаванні прымянення небяспечных рэчываў у вырабах электронікі і радыёэлектронікі

Мінск, 1 сакавіка. 1 сакавіка набыў моц тэхрэгламент ЕАЭС "Аб абмежаванні прымянення небяспечных рэчываў у вырабах электратэхнікі і радыёэлектронікі", паведаміла прэс-служба Еўразійскай эканамічнай камісіі (ЕЭК).

У краінах Еўразійскага эканамічнага саюза забараняюць або абмяжоўваюць прымяненне свінцу, ртуці і некаторых іншых шкодных для здароўя і экалогіі металаў у шырока распаўсюджаных бытавых прыборах — камп'ютарах, тэлевізарах, халадзільніках, мабільных тэлефонах і гэтак далей.

Згодна з тэхрэгламентам, такі прадукт "павінен быць распрацаваны і выраблены такім чынам, каб у яго складзе не ўтрымлівалася свінцу, ртуці, кадмію, шасцівалентнага хрому, полібраміраваных дыфенілаў і полібраміраваных дыфенілэфіраў". У аднародных матэрыялах, якія выкарыстоўваюцца пры вырабе тэхнікі, канцэнтрацыя гэтых рэчываў "у вагавых працэнтах не павінна перавышаць 0,1, а кадмію — 0,01". "Гэта вельмі малая доля, не здольная нашкодзіць чалавеку або прыродзе", — адзначыла прэс-служба ЕЭК.

"Пад дзеянне тэхрэгламенту падпадае мноства тавараў, якія абарочваюцца на адзіным саюзным рынку. Сярод іх розная бытавая апаратура, тэлекамунікацыйнае і светлавое абсталяванне, электрыфікаваны інструмент, абсталяванне для вольнага часу і спорту, гандлёвыя аўтаматы і гэтак далей. Дакумент дазволіць захаваць здароўе многім людзям — пакупнікам гэтых вырабаў", — пракаментаваў міністр па тэхнічным рэгуляванні Еўразійскай эканамічнай камісіі Валерый Карашкоў.

Акрамя таго, паводле слоў Карашкова, уводзяцца адзіныя правілы абыходжання і пацвярджэння адпаведнасці вырабаў электратэхнікі і радыёэлектронікі патрабаванням рэгламенту.

Раней у краінах ЕАЭС не існавала нарматыўных актаў, якія выразна абмяжоўвалі б прымяненне небяспечных рэчываў у бытавых прыборах. "У гэтым пытанні мы выкарыстоўвалі ўдалы вопыт Еўрасаюза, дзе ёсць дырэктыва 2011/65/EU па абмежаванні выкарыстання пэўных небяспечных рэчываў у электрычным і электронным абсталяванні — RoHS", — адзначыў дырэктар дэпартамента тэхнічнага рэгулявання і акрэдытацыі ЕЭК Арман Шакаліеў.

Паводле яго слоў, камісія ўстанавіла двухгадовы пераходны перыяд — да 1 сакавіка 2020 года. "Гэта неабходна прадпрымальнікам, каб паспелі памяняць тэхналогіі вырабу, і органам па ацэнцы адпаведнасці — для правядзення акрэдытацыі ва ўстаноўленым заканадаўствам дзяржаў-членаў парадку. Да гэтай даты ў краінах ЕАЭС дапускаюцца вытворчасць і выпуск у абарачэнне прадукцыі па нацыянальных правілах", — адзначыў кіраўнік дэпартамента.
Марына Носава, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239